article-img

Сацыяльны кантракт у слоіку з павукамі. Меркаванне Антона Гурыновіча

Аўтар: Антон Гурыновіч | 29 верасня 2022 г.

Калі шырокія народныя масы пазбавіць звыклага ладу жыцця, разбурыць устойлівыя стэрэатыпы, то людзі разгубяцца і пачнуць шукаць, на што абаперціся. Гэта зручны момант, каб даць ім новыя арыентыры, бо заставацца ў памежным стане даволі невыносна. Адзіная праблема ў тым, што разбураны лад жыцця — гэта і разбураны давер, таму новыя арыентыры мусяць грунтавацца на ўласным досведзе большасці, каб яна ў іх паверыла. Таму тая ўлада, якая звыкла абапіраціся на прапаганду і хлусню, не магчымее даць народу тое, чаго ён так прагне — зразумеласці. І людзі «завісаюць» у памежным стане, шукаючы праўды – кожны сваёй.

Расіянам зараз асабліва цяжка. Мабілізацыя паставіла вельмі шмат пытанняў, якіх не было падчас «спецаперацыі». Сурагатныя ідэі кшталту «калектыўны Захад хоча разбурыць Расію, таму кожны, хто можа трымаць зброю, мусіць змагацца з ордамі нацыстскіх наймітаў НАТА», знаходзяць водгук сярод найменш адэкватнай часткі насельніцтва, якой не пагражае быць мабілізаванай. Тыя, хто ў групе рызыкі асабіста альбо мае ў гэтай групе блізкіх людзей, зараз задаюцца пытаннем: а што далей? І гэта толькі пачатак трагедыі, якая чакае расійскае грамадства.

Асабістых прычын для таго, каб быць мабілізаваным, можа быць шмат. Або праз веру ў «свяшчэнны доўг перад Радзімай», або таму, што плывеш па цячэнні, ці ня здолеў схавацца, адкупіцца, ці не пашчасціла мець «правільныя» прафесію і адукацыю, ці вырашыў, што гэта нявартыя паводзіны для мужчыны — хавацца ад ваенкамату, ці штось іншае. Так ці інакш, ты ў войску, і ёсць вялікая верагоднасць, што неўзабаве ты ці твае баявыя таварышы будуць задаваць сабе шмат нязручных пытанняў. Чаму цябе мабілізавалі, а твайго суседа-айцішніка — не? Чаму ты рызыкуеш жыццём і мерзнеш у акопах, а «сталічныя» спяць у сваіх цёплых ложках з прыгажунямі пад бокам? Чаму хтосці ўцёк, а ў цябе ніколі не было на гэта грошай? Вядома, не таму, што праблема ў табе — ты ж пайшоў аддаваць доўг Радзіме, якая паклікала яе бараніць, ты адгукнуўся, ня ўцёк, як гэтыя…

Зерне такой нянавісці сеецца зараз, каб пасля даць багаты ураджай…

Лёс тых, хто ўцякае, таксама не зайздросны. Вельмі малая частка расіян успрымала сябе часткай вялікага свету і мела з ім трывалыя стасункі: абсалютная большасць бачыла і мела толькі Расію, якую прапаганда змясціла ў варожы і не патрэбны звычайнаму расіяніну свет. Цяпер ты з’ехаў, табе трэба ўладкаваць сваё жыццё ў новай краіне, дзе табе наўрацці будуць моцна спрыяць. Твой звыклы лад жыцця не падыйдзе да новага месца, твой ранейшы бізнес ня знойдзе дастатковай колькасці кліентаў, твая культура і каштоўнасці не адпавядаюць культуры і каштоўнасцям грамадства, у якім ты апынуўся. А твае былыя суайчыннікі бачаць у табе здрадніка ці папросту табе не давяраюць — прыняць такое асабліва цяжка. Стомленасць і разгубленасць — бацькі дэпрэсіі і нянавісці. Нянавісці, што паселіцца ў расіянах па абодва бакі мяжы.


Фото: мяжа Грузіі і Расіі «Верхний Ларс», Reuters

Зараз шмат пішуць пра новыя абрысы сацыяльнага кантракту ў Расіі, але ці можна ўвогуле гаварыць пра сацыяльны кантракт паміж грамадствам і расійская ўладай? Бо што такое ўлада ў Расіі? Тая яе частка, якую можна назваць урадам, сапраўды спрабуе штосці прапаноўваць грамадству (і робіць гэта няўдала, сеючы зерне будучай класавай нянавісці і варажнечы). Але ўвасабляе расійскую ўладу не ўрад, а чалавек, які ці тое атрымлівае асалоду ад таго, што гуляецца лёсамі людзей усяе планеты, ці тое бачыць сваю місію ў тым, каб разбурыць падмуркі цывілізацыі, ці тое проста самасцвярджаецца тым, што любое ягонае рашэнне будуць выконваць. Яго не турбуюць ні рэйтынгі, ні лёс краіны, ні ўвогуле лёсы людзей — які кантракт? Ён не абмяжоўвае рамкамі сябе і не дае рамак грамадству, бо калі іх няма, то цікавей назіраць за «нікчэмнымі людзішкамі», што захраслі ў сваім памежным стане і пераўтвараюцца ў павукоў у слоіку.

Гэта ўсё смяротна небяспечна і для беларускай улады, і для Беларусі як краіны. Яе грамадства (хоць і больш загартаванае за расійскае, і больш інтэграванае ў «вялікі свет») знаходзіцца ў памежным стане ўжо больш за два гады і страшэнна стамілася жыць з адчуваннем перманентнай небяспекі.

Спыненне рэпрэсій і вызваленне людзей, якія былі пазбаўленыя волі за свае погляды — аснова новага сацыяльнага кантракту

Адчуванне ўнутранай бяспекі, якое атрымаюць людзі, дазволіць ім ясней убачыць сапраўдную пагрозу і дасць сілы супроцьстаяць ёй. Без гэтага ў беларускай улады няма шанцаў выжыць побач з павучыным слоікам, а выжыць у гэтым слоіку — і пагатоў.

Фота вокладкі: Mikhail Ray Art


Антон Гурыновіч

Аўтар

Антон Гурыновіч


(Эксперт)