Як мы сустрэнем наступны палітычны крызіс? Меркаванне Рыгора Астапені
Аўтар: Рыгор Астапеня | 20 кастрычніка 2022 г.
Магчымасці дэмакратычных актараў цяпер значна меншыя, чым у 2020-ым, і працягваюць змяншацца. Нават калі «акно магчымасцяў» адчыніцца, мы наўрад ці здолеем яго выкарыстаць.
Давайце спачатку вызначымся з паняццямі: «мы» і «палітычны крызіс».
Пад «намі» я разумею актыўную частку беларускай грамадзянскай супольнасці — гэта грамадскія актывісты, журналісты, даследчыкі, праваабаронцы ды і палітыкі няхай ужо. Таксама ў тэксце пад «намі» я буду мець на ўвазе больш-менш папулярныя дыскурсы сярод «нас». Я далёка не ўсе з іх падзяляў, але для прастаты падлікаў усё залічым на агульны рахунак.
«Палітычны крызіс» — гэта пераломны момант у кіраванні краінай, калі аспрэчваецца, ці Аляксандр Лукашэнка заўтра будзе ёй кіраваць.
Крызісным быў жнівень 2020-га, можа яшчэ верасень. Усё, што было далей, — не крызіс
Наступным нашым крокам мусіць быць прызнанне, што «наша» разуменне сітуацыі было не зусім адпаведным.
Многія нашы тэзісы былі памылковымі —
напрыклад, пра тое, што «нельга пабудаваць Паўночную Карэю ў цэнтры Еўропы». Па-першае, Лукашэнка не Паўночную Карэю будаваў, а проста зрабіў больш жорсткай уласную сістэму. Па-другое, гэта зрабіць можна.
Фотаздымак: gm_collage
Паколькі разуменне дынамікі беларускай палітычнай сістэмы было няправільным, то і спадзевы «нашых» дэмакратычных сілаў на зрынанне Лукашэнкі з дапамогай нейкай «палачкі-ратавалкі», якая тут і цяпер зменіць усё, заканчваліся нічым: масавы пратэст, «народны ўльтыматум», санкцыі, канстытуцыйная рэформа ад Пуціна, урад у выгнанні, сілавое супрацьстаянне. Што істотна, з кожным разам «палачка-ратавалка» станавілася ўсё больш адарванай ад рэчаіснасці. Гэта як праграма Азаронка — калі не павышаць градус вар’яцтва, то людзі вакол перастануць звяртаць увагу.
Крызіс без нас
У выніку мы трапілі ў сітуацыю, калі мы адарваліся ад рэальнасці настолькі, што цяпер не можам убудавацца ў ніводны сцэнар палітычнага крызісу
У прынцыпе ёсць некалькі варыянтаў палітычнага крызісу, якія ў той ці іншай ступені абмяркоўваюцца, можам іх і закрануць, прынамсі тэзісна.
➊ Выбары. Рэферэндум у лютым 2022-га выразна паказаў, якія цяпер будуць усе наступныя выбары. Ва ўмовах застрашвання, нават калі ў Беларусі з’явіцца самы папулярны палітык, ён банальна не зможа сабраць подпісы, не кажучы ўжо пра нейкія пратэсты, бо людзям будзе страшна пакідаць уласны подпіс.
➋ «Сакавік 1953-га» ў той ці іншай форме. Па-першае, гэта прагназаваць немагчыма. Па-другое, алгарытм дзеянняў Расіі на выпадак смерці дзеючага кіраўніка Беларусі таксама досыць зразумелы: прызначыць гаўляйтара і даслаць свае войскі, каб дакладна справіўся.
➌ Памылка пры трансфармацыі. Яшчэ два гады таму была надзея: калі Лукашэнка пачне рэфармаваць палітычную сістэму, то можа адчыніцца акно, у якое праз нейкі час заляціць вецер перамен. Пры тым яшчэ нейкі час таму былі спадзевы, што Аляксандр Лукашэнка не будзе ўдзельнічаць у выбарах-2025, то цяпер іх становіцца выразна менш.
➍ Пачатак новай эпохі, выкліканай паразай Расіі ў вайне. Мы зноў жа не ведаем, калі скончыцца гэта вайна, як скончыцца ды як гэта на нас паўплывае. Ды і што ад нас і ад краіны застанецца да гэтага моманту. Спадзявацца, што нам паўсюль пашчасціць, наіўна.
➎ Галодны бунт. Гэта ўжо зусім старая песня, прапусцім.
➏ Яно само неяк разваліцца. Гэты сцэнар зноў жа не ўлічвае велізарнай групы тых, для каго захаванне палітычнай сістэмы з’яўляецца пытаннем уласнага жыцця, дзеля якога яны гатовы забіраць шмат жыццяў іншых. Адпаведна і спадзевы на сілавы варыянт выглядаюць дзіўна — калі з таго боку ёсць сотні (калі не тысячы) здольных забіваць, то колькі ёсць такіх з іншага?
Мы ў чужым крызісе
Па сутнасці нічога не прадракае нам істотных пазітыўных зменаў у найбліжэйшыя гады апроч нейкага «чорнага лебедзя»
Наш уплыў у інфармацыйнай прасторы так ці інакш будзе змяншацца — не так інтэнсіўна, як хочуць «яны», але больш шпарка за тое, як хочам «мы». Спробы запусціць альтэрнатыўныя «а-ля незалежныя» медыі, як «Белновости», «Точка.бай» ці «Смартпресс» два гады таму падаваліся дзіўнымі, а ўжо не выглядаюць такімі недарэчнымі. Усё часцей я чую, што многія «нашыя» СМІ ўжо не пра нас: пра Лукашэнку, пра вайну, пра палітычную эміграцыю, але не пра тых, хто тут жыве.
Падтрымка дэмакратычных палітычных актараў замежжа будзе таксама змяншацца. Сёння яна яшчэ ўтрымліваецца за кошт пэўнага міжнароднага прызнання, але колькі гэта яшчэ будзе актуальным? Год, можа, два, але ж не пяць.
Пры гэтым нельга сказаць, каб нашыя палітычныя актары рабілі цяпер нейкую «хатнюю працу»
Што дэмакратычная апазіцыя прапануе звычайным беларусам, дагэтуль незразумела. А чыноўнікам ці сілавікам? Калі ключавым для таго, каб перамагла дэмакратыя ў Беларусі, з’яўляецца здольнасць прадэмакратычных актараў дзяліць рэжым, то якім чынам яны збіраюцца гэта рабіць?
Як само сабой разумеецца, што актуальны памер рэпрэсій робіць немагчымай каляпалітычную актыўнасць. Ды і каму быць актыўным? Тыя 150-200 тысяч чалавек, якія з’ехалі з Беларусі за апошнія два гады, і былі рухавіком таго, што было ў Беларусі ў 2020-ым.
Таму як не паглядзець: інерцыйны сцэнар не прадугледжвае «нас». Чым больш далёкімі ад рэчаіснасці мы будзем, тым меншымі будуць нашыя шанцы яе змяніць.
Фотаздымак: паштоўкі, напісаныя блізкім ад пакінуўшых Вугоршчыну пасля рэвалюцыі 1956 года, Дом тэрору ў Будапешце
Як павысіць нашы шанцы
Я б не хацеў, каб гэты тэкст успрымаўся як празмерная крытыка дэмакратычных актараў. Болей за тое, шмат з таго, што робіць Святлана Ціханоўская і людзі вакол яе, служыць прасоўванню беларускага парадку дня ў міжнароднай палітыцы і забеспячэнню фінансавых рэсурсаў для той жа грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў. Тым болей, я разумею, што палітычныя актары адчуваюць неабходнасць даваць людзям надзею, таму яны часам публічна інакш апісваюць рэчаіснасць, чым усведамляюць яе насамрэч.
Але калі мы ўсведамляем складанасць сітуацыі, то трэба шчыра адказаць, наколькі «нашая» палітыка спрыяе беларускім інтарэсам
Ці павышэнне градусу ў эмігранцкіх палітычных структурах паляпшае становішча беларусаў унутры краіны? Мы такім чынам кансалідуем рэжым ці расшчапляем? Ці мы сапраўды павінны негатыўна ставіцца да перамоваў Захаду з рэжымам Лукашэнкі аб вызваленні прынамсі некаторых палітвязняў? Ці не час прапанаваць больш асэнсаванае бачанне будучыні краіны? Ці абавязкова мы павінны не заўважаць праблемы звычайных беларусаў і гэтак губляць іх прыхільнасць?
Не хачу сказаць, што адказы на гэтыя пытанні цягнуць на план перамогі. Хутчэй, яны толькі пра тое, як павысіць нашы шанцы да наступнага акна магчымасцяў.
Фотаздымак вокладкі: Сяргей Брушко