article-img

Чаму б Беларусі не стаць Даніяй?

Аўтар: Павел Церашковіч | 28 снежня 2022 г.

У выдадзенай каля чвэрці стагоддзя таму кніжцы «Канец гісторыі і апошні чалавек» Фрэнсіс Фукуяма вызначае «стаць Даніяй» у якасці канчатковай кропкі грамадскага развіцця ва ўсім свеце. На яго думку, гэта цалкам магчыма для Самалі, Іраку, ці Афганістану. І калі так,

ці магла б калектыўная Данія — Паўночныя краіны стаць той рэальнасцю, у якой увасобленая ўяўная будучыня нашай краіны? Ці магла б яна быць карыснай для правядзення дыялогу і дасягнення грамадскай згоды ў пост-лукашэнкаўскай Беларусі? Мой адказ на гэтыя пытанні станоўчы

І не толькі таму, што вобраз стабільных, дэмакратычных, квітнеючых, мірных, інклюзіўных грамадстваў, што рэгулярна трапляюць у топы самых шчаслівых нацый свету не можа не прывабліваць. Паміж Беларуссю і Паўночнымі краінамі есць шмат падобнага, што можа зрабіць транзіт у іх накірунку больш лагодным.

Апошняя тэза безумоўна выкліча пярэчанні — чым жа на самой справе landlocked краіна, з дамінаваннем праваслаўна-камуністычнай спадчыны падобная, скажам на пратэстанцкую Ісландыю. Адсутнасць выхаду да мора ёсць выпрабаванне, але не вырак. Швейцарыя ці Чэхія таму добры прыклад. Дэкамунізацыя будзе абавязковай умовай пазбаўлення аўтарытарнага мінулага. Што ж тычыцца праваслаўя, то яго дамінаванне шмат у чым завязана на супрацоўніцтва з дзейным рэжымам. Як мне падаецца, у масе сваёй пратэстанты ў Беларусі больш паслядоўныя вернікі і, цалкам магчыма, што ў будучыні могуць скласці большасць рэлігійнага насельніцтва. Эканамічныя паказчыкі асобных пратэстанцкіх паселішчаў (Альшаны, напрыклад) сведчаць, што пратэстанцкая этыка, неабходная складовая частка поспеху Паўночных краін, зусім не чужая беларусам. 

Дадам, што Беларусь шмат у чым падобная да Паўночных краін з пункту гледжання плошчы тэрыторыі, шчыльнасці насельніцтва асаблівасцей агра-кліматычных і мінеральных рэсурсаў.

Менавіта абмежаваная колькасць апошніх у пераважнай большасці Паўночных краін падштурхнула іх да прыярытэтнага развіцця эканомікі ведаў. Гэты ж самы падыход выглядае непазбежным і для нас

Асаблівым прыкладам можа быць Фінляндыя, з якой у нас ці не найболей падабенства. Апроч ужо згаданага — відавочная перыферыйнасць становішча на ўскрайку Еўропы, «вясковасць» традыцыйнай культуры, адсутнасць «сваёй» этнічнай дзяржавы ў мінулым, Асобная тэма — складаныя адносіны з усходнім суседам: гэта не толькі расійская агрэсія 1939—1940 гг., але і перыяд ледзь не васальнай пасляваеннай залежнасці, калі склад кабінету міністраў Фінляндыі зацвярджаўся ў Крамлі. Гісторыя пабудовы фінскай дзяржаўнасці — не толькі прыклад перамогі класічнага этнічнага нацыяналізму, але і таго, што гэта не стала перашкодай для ўтварэння ўзорнай ліберальнай дэмакратыі. То бок, нібыта «непазбежна дрэнны» этнічны нацыяналізм паспяхова трансфармаваўся ў «добры» грамадзянскі без умяшання знешніх сіл

Фінляндыя дэманструе, што шлях да дамінавання фінскай мовы быў доўгім. Спаборніцтва паміж фінскай, шведскай і рускай мовамі ў нечым нагадвала сітуацыю з беларускай, рускай і польскай ў Беларусі. Фінам спатрэбілася як меней сто год, каб іх мова канчаткова замацавалася ў сферы высокай культуры і вышэйшай адукацыі. 

Арыентацыя на Паўночную мадэль магла б адыграць добрую ролю ў пошуку кансэнсусу з пралукашэнкаўскай часткай грамадства ў будучыні

Элементы «сацыялізму» у выглядзе вялікай долі занятых у дзяржаўным сектары эканомікі, амаль 100% ахоп працоўных прафсаюзамі, бясплатная вышэйшая адукацыя, медыцына і дагляд за старымі не могуць не быць не прываблівымі для яе нават у пакеце ў з рэальнай рынкавай эканомікай, бездакорным забеспячэннем праў чалавека і выкананнем дэмакратычных працэдур. Не будзе абыякавай грамадская думка і да ідэй пабудовы «плоскага грамадства», мінімізацыі сацыяльнай няроўнасці, добра рэалізаванай у Паўночных краінах. Не апошнюю ролю на ўзроўні палемікі можа адыграць і тое, што Паўночная мадэль па геаграфічным вызначэнні не Заходняя.

Паўночны «сацыялізм», у адрозненне ад марксісцкіх абстракцый, можна ўбачыць і памацаць уласнымі рукамі. Асабістая сустрэча з былым рэктарам Капенгагенскай палітэхнікі, старшынёй Рады рэктараў Даніі, які працуе камендантам студэнцкага інтэрната пераканала мяне болей чым дзясятак артыкулаў у сапраўднасці «плоскага грамадства», прынамсі, у Даніі. Уявіце сябе такі даўншыфцінг у Беларусі! 

Пры гэтым Паўночная мадэль не ідэальная і не прэтэндуе на тое, каб ёй быць. Мастацкая эліта — Акі Каўрысмякі, Рой Андэрсан, Андерс Томас Йенсен, Томас Вінтэнберг, Ларс фон Трыер ды іншыя сваім стужкамі сігналяць, што далёка не ўсё так добра ў Дацкім, ды і іншых, каралеўствах. Беларуская грамадзянская супольнасць пасля досведу сутыкнення з нарвежскай «Yara» ці шведскай «IKEA» не мае ілюзій адносна падвышанай сацыяльнай адказнасці паўночнага «капіталізму».


Фота: кадр з фільма «Еўропа» Ларса Фон Трыера

Трэба аддаць належнае Паўночным краінам — яны, у адрозненні ад некаторых іншых, не надта паслядоўныя ў прасоўванні сваёй мадэлі. Можа і ў гэтым частка яе прывабнасці. Але з іншага боку, яны дэманструюць рэдкую паслядоўнасць у падтрымцы канкрэтных намаганняў у барацьбе за лепшую будучыню. Лес ЕГУ у гэтых адносінах паказальны: пасля яго пераезду ў Вільню ў 2005 Паўночныя краіны аказалі дапамогу не толькі ўсе разам, праз Паўночную Раду, але і кожная краіна паасобку. Гэтакім чынам у 2016 яны ініцыявалі аўдыт і пасля выкрыцця злоўжыванняў усе разам адмовіліся ад донарства. То бок, прынцыпы ў дадзеным выпадку яшчэ чагосьці вартыя. І гэта абнадзейвае.

Фотаздымкі вокладкі: toxaby.livejournal.com


Павел Церашковіч

Аўтар

Павел Церашковіч


(Гісторык і антраполаг)

Прафесар Павел Церашковіч, гісторык і антраполаг, запрошаны даследчык Універсітэта Юстуса Лібіха