article-img

Як арганізаваць рэпатрыяцыю беларускага бізнесу ў Беларусь? Меркаванне Сержа Наўродскага

Аўтар: Серж Навродский | 10 ліпеня 2023 г.

Колькасць беларускага бізнесу ў Еўразвязе істотна вырасла за 2020-2022 гады. Найбольш насцярожвае тое, што разам з рэлакацыяй бізнесу з'язджаюць з Беларусі адукаваныя і кваліфікаваныя працоўныя, прафесіяналы, менеджары ды ўласнікі бізнесу. Эфекты ад адтоку бізнес ідэй і кадраў Беларусь будзе адчуваць доўга, а вярнуць назад удасца не ўсіх і не адразу. Рэпатрыяцыя запатрабуе асобную стратэгію ўраду, час і грошы.

Што адбываецца?

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) нядаўна ацаніла маштаб пераезду беларускага бізнесу ў Еўразвяз і прадпрымальніцкі патэнцыял беларусаў за мяжой. Лічбы ўражваюць.

Па стане на сакавік 2023 году ў Еўразвязе (ЕЗ) зарэгістравана больш за 7000 кампаній з беларускім капіталам. Палова з іх з’явілася ў Еўропе пасля жніўня 2020 году

Пераважная колькасць новых кампаній (каля 86%) былі зарэгістраваныя ў Польшчы, каля 7% з’явілася ў Літве, яшчэ 7% у іншых краінах Еўразвязу. Беларускія прадпрыемствы ў ЕЗ — гэта пераважна малы і сярэдні бізнес, які займаецца паслугамі.

Пачатак вайны Расіі супраць Украіны і новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі істотна прыспешылі працэс адтоку бізнесу і прадпрымальнікаў, таму колькасць беларускага бізнесу ў ЕЗ імкліва вырасла менавіта ў 2022 годзе — больш за палову ад усіх рэлакацый. Гледзячы на дадзеныя за 2023 год, тэмп крыху запаволіўся, але застаецца высокім. Толькі за першы квартал 2023 году колькасць новазарэгістраваных бізнесаў з беларускім капіталам у Польшчы склала 389 кампаніі (+7,7% да агульнай колькасці ў краіне).

Рэлакацыя не заўсёды адбываецца як пераезд існуючай кампаніі. Гэта таксама эміграцыя індывідуальных прадпрымальнікаў і стартапаў на розных этапах развіцця, якія замарозілі ці зачынілі свае праекты ў Беларусі і ствараюць новыя бізнесы ў краінах Еўразвязу. Эканамісты АВВА ацанілі, што колькасць беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў і стартапаў з беларускімі каранямі ў ЕЗ са жніўня 2020 г. па чэрвень 2022 г. павялічылася на каля 2000 адзінак. Такі парадак лічбаў дазваляе меркаваць, што беларусы захоўваюць высокі патэнцыял прадпрымальніцкай актыўнасці ў эміграцыі. І гэта ня дзіва. Бо пераезд для большасці з беларусаў быў хутчэй незапланаваны, пераязджалі пераважна тыя, хто адважыўся пратэставаць у роднай краіне і над кім вісела пагроза пакарання за сваю грамадзянскую і чалавечую пазіцыю. Можна назваць гэта своеасаблівай «пазітыўнай селекцыяй»:

у эмігрантаў беларусаў новай хвалі (пасля 2020 году) у сярэднім большая схільнасць да рызыкі, чым у мясцовага насельніцтва краіны-гаспадара

Высокая схільнасць беларусаў у эміграцыі да прадпрымальніцкай рызыкі пацвярджаецца нядаўнім даследаваннем АВВА і Цэнтра новых ідэй (ЦНІ) у межах Народнага апытання. Сярод апытаных беларусаў у 4 краінах 18% рэспандэнтаў — гэта існуючыя прадпрымальнікі за мяжой, уключаючы 4% уладальнікаў бізнесу са штатам супрацоўнікаў і 14% — самазанятыя ці фрылансеры ці індывідуальныя прадпрымальнікі. А 29% — патэнцыйныя прадпрымальнікі, то бок плануюць адкрыць сваю справу ў бліжэйшыя 3 гады. І толькі 53% не з'яўляюцца прадпрымальнікамі і не маюць намераў імі стаць. Цікава, што такое размеркаванне аказалася блізкім да вынікаў апытання, праведзенага сярод насельніцтва Беларусі ў 2021 годзе ў рамках Глабальнага маніторынгу прадпрымальніцтва (GEM). Згодна з апошнім, 19% насельніцтва Беларусі ва ўзросце 18-65 гадоў былі аднесены да прадпрымальнікаў на розных стадыях актыўнасці (у тым ліку 5,5% — уладальнікі сталага бізнесу), а 24% — да патэнцыяльных прадпрымальнікаў. Параўнайце з аналагічнымі індыкатарамі GEM па Польшчы (таксама 2021 год): 13% — прадпрымальнікі (уключаючы 11% уладальнікаў сталага бізнесу) і толькі 3% — патэнцыйныя прадпрымальнікі.

У чым праблема?

Сама па сабе колькасць фірмаў і прадпрымальнікаў, якія выехалі, не з'яўляецца крытычнай для эканомікі Беларусі. Калі параўнаць з агульнай колькасцю прыватных фірмаў і прадпрымальнікаў, што застаюцца ў Беларусі, то колькасць рэлакацый будзе ўсяго крыху болей за 1%. Беларускі бюджэт пакуль не адчувае страту тых, хто з’ехаў, бо і прадпрымальнікі, і малыя, і сярэднія фірмы плацяць усё болей падаткаў у бюджэт: за 2022 год заплацілі болей падаткаў, чым у 2021 годзе (+13%), і істотна болей, чым у 2020-м (+37%).

Колькасць эмігрантаў новай хвалі таксама не выглядае крытычнай у адносным вымярэнні. Дакладная лічба эмігрантаў невядомая, але па розных падліках экспертаў лічбы вагаюцца ад 150 тысяч да 300 тысяч чалавек. Напрыклад, па падліках АВВА за перыяд са жніўня 2020 г. па чэрвень 2022 году ў краіны ЕЗ выехала 135 тысяч беларусаў. Некаторыя беларускія журналісты ў сваіх расследаваннях кажуць, што лічбы могуць быць болей за 300 тысяч мігрантаў. То бок мы кажам пра ад’езд ад 1,5% да 3% насельніцтва Беларусі пасля жніўня 2020 году. Гэта сапраўды нямала, але ўсё яшчэ меней чым, напрыклад, выехала людзей з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пасля далучэння да ЕЗ. З Польшчы выехала каля 5,5% цягам сямі гадоў пасля далучэння да ЕЗ, з Харватыі 9%, з Літвы 11,5%.

Але ёсць дзве праблемы. Першая ў прыспяшэнні эміграцыі. Хуткасць эміграцыі з 2020 году набірала абароты штогод, і пры захаванні такой дынамікі ў сённяшніх сацыяльных і (геа)палітычных рэаліях Беларусі праз 4-5 гадоў колькасць мігрантаў можа падвоіцца і нагадваць сітуацыю з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Другая праблема ў якасці эміграцыі: з Беларусі з'язджаюць эканамічна актыўныя і адукаваныя людзі

Гэта бачна і на вока, і на лічбах. Пра гэта ў прыватных размовах кажуць прадстаўнікі міграцыйных службаў Польшчы і Літвы. Усё тое ж даследаванне прадпрымальніцкага патэнцыялу беларусаў за мяжой паказвае агульны высокі ўзровень адукацыі ў дасягнутай выбарцы беларускіх эмігрантаў: 87% маюць вышэйшую адукацыю, а найменшая доля эмігрантаў з вышэйшай адукацыяй сярод тых, хто пакуль толькі разглядае для сябе магчымасць адкрыць сваю справу (але яшчэ не робіць канкрэтных крокаў) — 74%. Нават з папраўкай на нерэпрезентатыўнасць даследавання гэтыя лічбы вельмі высокія.

Як вярнуць бізнес назад?

На жаль, вернецца на Радзіму толькі частка беларусаў-прадпрымальнікаў. Добра, калі палова. Натуральна, што кожны год эміграцыі прывязвае ўсё болей да новага дому. Апытанне АВВА і ЦНІ паказвае прамую сувязь з часам выезду: тыя, хто з'ехаў нядаўна, з большай упэўненасцю паведамляюць аб сваім намеры вярнуцца на Радзіму. Аднак калі паглядзець на групу эмігрантаў, якія з'ехалі ў 2020 годзе і пазней, аказваецца, што прадпрымальнікі (у тым ліку патэнцыйныя) усё ж больш схільныя адаптавацца і застацца ў прымаючай краіне. Сярод дзейных і патэнцыйных прадпрымальнікаў гэтай хвалі эміграцыі сума адказаў «Так, я адназначна вярнуся» і «Так, хутчэй за ўсё я вярнуся» склала 35% і 36% адпаведна — пры 47% сярод непрадпрымальнікаў.

Добрая навіна ў тым, што паспяховыя інструменты для заахвочвання вяртання бізнесу ўсё ж існуюць, як паказвае досвед іншых краін. Усе ведаюць пра армянскую і габрэйскую дыяспару, але мала хто звяртаў увагу на кейсы Польшчы, Харватыі ці Эстоніі. Іх асноўныя высновы варта падзяліць на 3 важныя кірункі:

  • Стварэнне спрыяльнага інвестыцыйнага клімату ўнутры краіны

Размова пра інвестыцыйны клімат краіны агулам, ня толькі для дыяспары. Гэта базавая перадумова дзеля таго, каб у краіну вярнуўся адчувальны аб’ём капіталу. Сэнс не ў нізкіх падатках, а ў стварэнні трывалай і развітой бізнес інфраструктуры, якая не будзе залежыць ад палітычнай кан’юнктуры.

Простымі словамі: пакуль у Беларусі нельга будзе набыць тавар напрамую з Amazon, не адчыніцца офіс умоўнага Google, а ў шапіках Белсаюздруку нельга будзе набыць свежы нумар Financial Times, беларускі капітал за мяжой будзе разглядаць радзіму як месца для сентыментальнай рызыкоўнай інвестыцыі

Прыклад Польшчы ў гэтым кірунку вельмі паказальны. Большасць палякаў выязджала з краіны менавіта па эканамічных прычынах — каб зарабіць грошы. Па меры развіцця інвестыцыйнага клімату ўнутры краіны, росту аб’ёму інвестыцый і росту заробкаў у краіне ўсё болей маладых людзей абірае працу і інвеставанне ў Польшчы, а не за мяжой. Як адно з ускосных пацвярджэнняў: колькасць палякаў — часовых эмігрантаў ва ўсім свеце пачала ўпершыню змяншацца з 2018 году.

  • Мэтанакіраваная падтрымка супольнасці за мяжой

Гэта неабходна, каб падтрымліваць фармальную сувязь дыяспары з радзімай праз розныя ініцыятывы і інстытуты: сацыяльныя, культурныя, бізнесовыя і іншыя. То бок эмігранты і іх суполкі ў розных кутках свету павінны адчуваць падтрымку ўраду сваёй радзімы і атрымліваць ад яго сродкі на развіццё. Урад Польшчы выдаткоўвае мільёны еўра ў год на падтрымку дыяспаральных праграм, а абслугоўванне праграмы Карты Паляка — гэта даволі дарагое задавальненне. Урад Эстоніі заінвеставаў дзясяткі мільёнаў еўра ў тое, каб уладальнікі эстонскіх пашпартоў маглі бесперашкодна карыстацца базавымі сацыяльнымі паслугамі за мяжой (напрыклад, замежнымі аптэкамі, шпіталямі ці банальна кансультацыямі ўрадавых устаноў падчас часовай эміграцыі).

  • Запуск фінансавых стымулаў на ўзроўні цэнтральнага бюджэту

Такія стымулы сустракаюцца па свеце ўсё часцей і выглядаюць як выплата пэўнай сумы грошай для тых, хто вернецца на радзіму і адчыніць свой бізнес. Харватыя — адзін з апошніх прыкладаў: урад гатовы выплаціць ад 6,7 да 26 тысяч еўра тым харватам, хто вернецца на радзіму і адчыніць свой бізнес у краіне.

Усё вышэй пералічанае патрабуе прамога заангажавання ўраду Беларусі і падрыхтоўкі асобнай стратэгіі па рэпатрыяцыі беларусаў і беларускага капіталу з-за мяжы. Зараз, калі гэта не магчыма, нам застаецца самастойна развіваць дыяспаральныя ініцыятывы і акумуляваць фінансаванне з міжнародных устаноў і ад уласна беларусаў замежжа. Будаванне дыяспары, у тым ліку бізнес дыяспары, — гэта важны гістарычны працэс, магчыма, самы маштабны ў нашай гісторыі. І трэба зрабіць так, каб праз дзесяць-дваццаць гадоў мы не шкадавалі, што не мелі на гэта час ці не паспрабавалі. Трэба пачынаць!

Фота вокладкі: palasatka


Серж Навродский

Аўтар

Серж Навродский


CASE Belarus Team (Экономист)

Серж Навродский — вице-президент ABBA и старший экономист CASE