article-img

Як разбудзіць спячага? Гістарычны прыклад Італіі і прычым тут ВНС

Аўтар: Мікіта Адашчык | 23 красавіка 2024 г.

25 лютага 2024 года ў Беларусі адбыўся Адзіны дзень галасавання. Шматлікія прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці скептычна ставяцца да гэтага новаўтварэння, лічачы УНС фікцыяй. Але ж ці не ведае гісторыя прыкладаў, калі фіктыўныя спячыя інстытуты раптам абуджаліся і кардынальна мянялі ход гісторыі? Давайце разбірацца.

Гісторыя Усебеларускага народнага сходу цягнецца з 1996 года. Тады новаабраны Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка вырашыў сфармаваць сваю альтэрнатыву Вярхоўнаму Савету, з якім кіраўнік дзяржавы быў у працяглым канфлікце. У той час УНС падтрымаў праект змен у Канстытуцыю, якія пераўтварылі Беларусь у суперпрэзідэнцкую рэспубліку і легальна закансервавалі дзеючы рэжым. З тых часоў УНС склікаўся прыкладна кожныя 5–6 год і выконваў функцыю бяспечнай трыбуны для публічных выступленняў Лукашэнкі.

Пасля палітычнага крызісу 2020 года УНС раптам апынуўся важным інструментам для замацавання ўлады і вынішчэння палітычнай рызыкі бягучага распараджальніка краіны

Разам з тым орган разглядаўся як сродак для захавання ідэй і ідэалаў рэжыму ў будучым. Таму ў лютым 2022 года ў межах чарговага канстытуцыйнага рэферэндуму, Сход заняў важнае месца ў новай канфігурацыі дзяржаўнага ладу і быў пазначаны ў Канстытуцыі.

Згодна з Законам ад 7 лютага 2023 года, чальцамі УНС будуць прадстаўнікі Савета Бяспекі, Парламенту, судовай сістэмы, мясцовых органаў улады і нявызначаныя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Прынцыпы дзейнасці УНС досыць цікавыя. Апроч вяршэнства права і дэмакратычнасці «Народнае Веча» таксама мусіць змагацца за сацыяльную справядлівасць, базіравацца на калегіяльнасці і, напэўна галоўнае, падтрымліваць пераемнасць дзяржаўнай палітыкі. Сам жа орган, хоць і нясе збольшага кансультатыўную функцыю, у сваю чаргу зможа ўплываць на электаральны працэс, прызначаць кірункі сацыяльна-эканамічнай палітыкі, будзе мець права заканадаўчай ініцыятывы, кантролю Ураду і нават Прэзідэнта. Адміністраваць натоўп у 1200 народных выбраннікаў будзе Презідыум з 15 чалавек на чале са Старшынёй схода.

Якую ролю ў гісторыі Беларусі сыграе Сход? Мы не можам ведаць, бо будучыня схавана. Але зусім не мінулае. Прапаную перанесціся на 100 год назад у буйную прамыслова развітую краіну Еўропы, якая ў цяжкія часы аб’ядналася вакол нацыянальнага лідара, каб захаваць сацыяльны спакой і не даць экстрэмістам абрынуць дзяржаву ў пекла рэвалюцыі. Гаворка пойдзе пра Італію.

Італія

1919–1920 гады ў італьянскай гістарыяграфіі называюць «Чырвоным двухгоддзем». Краіна па-майстэрску «пераабулася», калі змяніла бок канфлікту з Траістага саюзу на Антанту падчас Першай сусветнай вайны. Аднак гэта не дало італьянцам ані новых тэрыторый, ані грошай, ані сусветнага ўплыву. Па выніку нашчадкі Рымскай імперыі атрымалі выключна падарваную эканоміку, беспрацоўе і моцны рабочы і камуністычны рух на поўначы краіны.

Праз бальшавіцкі пераварот у Расіі і спробы стварэння савецкіх рэспублік у Нямеччыне, італьянскія камуністы, пераважна з Турыну, распачалі моцны забастовачны рух, спрабуючы зладзіць чырвоную рэвалюцыю і ў Італьянскім каралеўстве. Спыніць камуністаў атрымалася супольнымі намаганнямі дзяржаўнага рэпрэсіўнага апарату, буйнога капіталу і ветэранаў Першай сусветнай, сярод якіх быў і Беніта Мусаліні — былы камуніст, журналіст, ветэран вайны.

У 1921 ён сканцэнтраваў вакол сабе нацыяналістаў і прыхільнікаў яго новага руху пад назвай «Фашызм», які базіраваўся на ідэях карпаратывізму. У тым жа годзе была створаная Нацыянальная фашысцкая партыя, якая ўжо праз год пасля славутага «Маршу на Рым» стала дамінуючай сілай у краіне. Цягам наступных 20 год Мусаліні выбудоўваў сваю новую Рымскую імперыю, абапіраючыся на рэпрэсіўны апарат, дзяржаўныя інтэрвенцыі ў эканоміку і купу сваіх паплечнікаў, апранутых у чорныя кашулі. Менавіта з паплечнікаў складаўся адзін з кіруючых органаў партыі — Вялікі фашысцкі савет.

Ён быў заснаваны ў 1922 годзе і першапачаткова з'яўляўся органам кантролю за партыйнай дзейнасцю. На савеце вылучаліся прадстаўнікі партыі на выбары ў дэпутатаў і ва органы ўлады, абіраліся (ці, хутчэй, пацвярджаліся) асноўныя кірункі дзейнасці.

Аднак пасля 1928 года сітуацыя змянілася. Уступіў у сілу закон 2693 ад 9 снежня 1928 года, які замацаваў Канстытуцыйны статус Вялікага фашысцкага савета. У яго склад цяпер уваходзілі міністры, суддзі, прадстаўнікі рэгіянальных падраздзелаў партыі, навукоўцы і дзеячы культуры, прадстаўнікі легальных прафсаюзаў і іншых органаў «грамадзянскай супольнасці». Орган меў права заканадаўчай ініцыятывы, абіраў кандыдатаў на пасады дзяржслужбоўцаў, рэгуляваў пытанні сацыяльнай справядлівасці і кіраваў прафсаюзамі, мог разглядаць пытанні канстытуцыйнага строю, сачыў за кіраўнікамі ўраду і нават каралём. У далейшыя гады орган толькі набіраў моц. Так, ад 1931 года Вялікі фашысцкі савет пачаў рэформу парламентарызму, фактычна вынішчыўшы прынцып абірання дэпутатаў.

Па вялікім рахунку, Фашысцкі савет быў цалкам падпарадкаваным Мусаліні. Дучэ меў права склікаць і распускаць яго ў любы зручны момант, непасрэдна накіроўваць загады сябрам савету, карыстацца карпаратыўнай легітымнасцю гэтага органа. Аднак зрабіўшы інстытуцыйны інструмент, на якім базіравалася яго ўлада, дыктатар не прадугледзеў таго факта, што нават самыя паслухмяныя людзі ўсё яшчэ застаюцца людзьмі.

У 1943 годзе войскі Брытаніі і ЗША зладзілі марскую дэсантную аперацыю на Сіцыліі, пачаўшы вызваленне Італіі ад фашыстаў. Без дапамогі нямецкага войска італьянцы цярпелі паразу за паразай.

Пабачыўшы хуткі канец фашызму, кароль і вышэйшы генералітэт вырашылі пакончыць з вайной, скінуўшы Мусаліні. І лепшым легальным інструментам для перавароту яны палічылі той самы Вялікі фашысцкі савет

У ноч за 24 на 25 ліпеня 1943 года, 28 чальцоў Вялікага савету разам з Мусаліні абмяркоўвалі дэкларацыю Дзіна Грандзі, якая прадугледжвала перадачу ўлады ад Мусаліні да Караля і Вялікага савету. Сведкі кажуць, што падчас пасяджэння сябры Савету плакалі, пужаліся і спрабавалі аказваць акты ветлівасці да іх былога кіраўніка. Але, тым не менш, раніцай 25 ліпеня 19 чальцоў Савета прагаласавалі за прыняцце дэкларацыі Грандзі, 7 былі супраць і адзін устрымаўся. Наступным днём Мусаліні быў арыштаваны і накіраваны ў гатэль Кампо Імператорэ ў гарах на поўначы.

Праз два месяцы нямецкі дэсант пад кіраўніцтвам Ота Скарцэні вызваліў дыктатара. Нямецкія войскі акупавалі поўнач Італіі, спынілі амерыканскія і брытанскія войскі каля Рыму і прызначылі Мусаліні кіраваць марыянетачнай Рэспублікай Сало. Тым не менш, ужо 25 красавіка 1945 года ён быў арыштаваны і пакараны смерцю праз італьянскіх чырвоных партызан, з якімі ён бароўся цягам усяго свайго 21-летняга кіравання.

Гістарычныя аналогіі — дрэнны дапаможнік у аналізе падзей бягучых. Але, тым не менш, мы дакладна ведаем, што нават самыя марыянетачныя арганізацыі, у якіх ёсць фармальнае права распараджацца лёсам краіны, часам могуць сыграць значную ролю ў крызісныя моманты

Ці здарыцца такі крызісны момант у Беларусі? І ці ўбачым мы нечаканыя рухі з боку Усебеларускага народнага сходу? Варта назіраць.


Мікіта Адашчык

Аўтар

Мікіта Адашчык


(Права)

Бакалаўр права, скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.