Двухмоўнае аднамоўе. Моўная палітыка ў Беларусі: стан, тэндэнцыі і перспектывы

05.11.2022 | Пётр Рудкоўскі, Самуіл АрнейскіПоделиться проектом:
Пазіцыі беларускай мовы ў якасці сродка камунікацыі даволі слабыя. Тым не менш, для абсалютнай большасці беларусаў яна застаецца важнай культурнай каштоўнасцю. Дысананс паміж мовай-каштоўнасцю і мовай камунікацыі, з аднаго боку, стварае шанец для пашырэння камунікацыйнай функцыі беларускай мовы, з другога боку — рызыка заняпаду яе каштоўнаснай функцыі.

Конспект

Пазіцыі беларускай мовы ў якасці сродка камунікацыі даволі слабыя. Тым не менш,

для абсалютнай большасці беларусаў яна застаецца важнай культурнай каштоўнасцю

Дысананс паміж мовай-каштоўнасцю і мовай камунікацыі, з аднаго боку, стварае шанец для пашырэння камунікацыйнай функцыі беларускай мовы, з другога боку — рызыка заняпаду як каштоўнаснай функцыі.

Соцыюм: побытава рускамоўны, адкрыты на беларускасць

У Беларусі беларуская мова выконвае камунікацыйную функцыю ў невялікай ступені. Параўнанне з пяццю іншымі краінамі Усходняга партнёрства — на базе апытання пра мову медыя-спажывання — паказвае, што водле ступені прэферавання нацыянальнай мовы Беларусь месціцца далёка з тылу ад любой з гэтых краінаў.

У якасці нацыянальнага ідэнтыфікатара грамадскае значэнне мовы значна большае: у залежнасці ад часу і кантэксту апытання ад 15% да 40% рэспандэнтаў схільныя былі прызнаваць нацыянальна-ідэнтыфікацыйную важнасць мовы. Тым не менш, мова-як-ідэнтыфікатар прайграе па значнасці большасці іншым патэнцыйным ідэнтыфікатарам, такім як месца нараджэння, цяперашняе пражыванне ў адной краіне, тэрыторыя, агульнае паходжанне і інш.

Тое, наколькі праблемным для беларусаў ёсць прызнанне мовы нацыянальным ідэнтыфікатарам, асабліва яскрава бачна з параўнання з 33 іншымі еўрапейскімі краінамі: Беларусь апынулася, зноў жа, на апошнім месцы ў плане прызнання ідэнтыфікацыйнай важнасці нацыянальнай мовы.

Інакш выглядае справа, калі гаворка ідзе менавіта пра каштоўнасны аспект беларускай мовы: наколькі гэтая мова важная як частка культурнай спадчыны або нацыянальны сімвал.

Моўная палітыка праз прызму выдавецтва і адукацыі

Павольны рост беларускамоўнага кнігавыдавецтва і выдання беларускамоўных газет, які назіраўся цягам мінулай дэкады, прыпыніўся. У першым паўгоддзі 2022 года доля беларускамоўных кніг знізілася, як у плане тытулаў, так і ў плане накладу. Такое падзенне, хутчэй за ўсё, звязана з палітычнымі чыннікамі: выдаўцы адчулі на сябе ціск рэпрэсіўнага апарату.

У 2020 годзе ўпершыню за ўсю гісторыю дашкольнага выхавання ў Беларусі колькасць вясковых дашкольнікаў з беларускай мовай выхавання была меншай за колькасць тых, што выхоўваюцца па-руску. Пры гэтым, аднак, маюцца мінімальныя зрухі да беларускамоўя ў дашкольным (як, зрэшты, і школьным) выхаванні ў гарадах.

Агулам рэч беручы, усцяж захоўваецца лагодны кантраст паміж вёскай і малымі гарадамі, з аднаго боку, і вялікімі гарадамі — з другога.

Вясковая школа надалей застаецца абшарам дамінацыі беларускай мовы

У дашкольным выхаванні беларускамоўе хоць і згубіла даміноўную пазіцыю, усё ж пакуль што займае далёка не маргінальнае месца. Беларускамоўе пануе таксама ў раённых газетах, падчас як агульнадзяржаўныя і гарадскія газеты выходзяць пераважна на рускай мове.

Разам з гэтым заслугоўвае на ўвагу праламленне русіфікацыйнага трэнду ў гарадскіх садочках і школах, якое назіраецца з 2018 года. Яно можа сведчыць пра наспяванне попыту на беларускую мову ўнутры сярэдняга класу.

У цені рэпрэсій і вайны. Асаблівасці моўнай сітуацыі пасля 2020 года

Цягам 2020—2022 гадоў у Беларусі адбыліся сур’ёзныя змены грамадска-палітычнага характару: у другой палове выбухнулі ў Беларусі самыя масавыя ў гісторыя пратэсты, пасля якіх пачаліся жорсткія рэпрэсіі і працягваюцца на момант працы над гэтым даследаваннем. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі заняў выразна прарасійскую і антызаходнюю пазіцыю, а ў лютым 2022 ён выступіў саюзнікам Пуціна ў агрэсіі Расіі супраць Украіны. Усё гэта не магло не адбіцца на моўнай палітыцы ўнутры краіны.

Хоць беларусізацыйныя праекты не былі асноўным аб’ектам поствыбарных рэпрэсій, то ўсё ж яны таксама пад іх траплялі. Гэта было звязана з тым, што беларускамоўныя асяродкі пераважна сімпатызавалі пратэстам і падтрымлівалі іх. Апроч таго, інспіраваныя нацыянальным адраджэннем праекты, як правіла, не ўпісваліся ў ідэалагічную лінію беларускага рэжыму, якая пасля выбараў 2020 года стала руса- і савета-цэнтрычнай, антызаходняй і антыпольскай. Беларускі ПЭН-цэнтр, які вымушана цяпер дзейнічае за мяжой, налічыў 593 парушэнні культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры ў 2020 годзе і 1455 — у 2021-м. А сціслыя апісанні парушэнняў у 2022 годзе займаюць ужо некалькі старонак тэксту.

Сітуацыя расейска-ўкраінскай вайны і павышаная падазронасць Масквы да ўсякіх зрухаў у напрамку ўзмацнення нацыянальнай ідэнтычнасці вядзе да таго, што

ў агляднай будучыні беларуская дзяржава перастане адыгрываць якую-кольвечы ролю ў пашырэнні камунікацыйных функцыяў беларускай мовы

Калі нешта ў гэтым плане і будзе адбывацца, то за кошт дыяспары, цэркваў, рэшткаў грамадска-культурных ініцыятыў унутры краіны і індывідуальных асоб, якіх хвалюе лёс беларускай мовы і стан нацыянальнай тоеснасці беларусаў.

Чытайце поўную версію праекта «Двухмоўнае аднамоўе. Моўная палітыка ў Беларусі: стан, тэндэнцыі і перспектывы».

Даследаванне падрыхтавана ў рамках праекта Belarus Beehive, каардынатар даследчай і экспертнай часткі праекта — Інстытут «Палітычная сфера».


Пётр Рудкоўскі

Автор

Пётр Рудкоўскі


Акадэмічны дырэктар (BISS)


Самуіл Арнейскі

Автор

Самуіл Арнейскі


(Эксперт)

Рецензии

avatar

Банк идей

Платформа

поставил проекту

Тут можа быць ваша рэцэнзія.
Читать полностью
avatar

Цімафей Акудовіч

Гісторык, краязнаўца

поставил проекту

Вельмі своечасовы і пазітыўны праект.
Читать полностью

Оцените проект