article-img

Што такое «Сеткавая дзяржава Беларусь»?

Автор: Рэй Світла | 9 января 2024 г.

Самай яркай падзеяй мінулага года беларускай дыяспары стала абвяшчэнне пра стварэнне пашпарта. Не менш за 57 тысяч нашых суайчыннікаў выказалі жаданне стаць уладальнікамі гэтага дакумента. Гэта відавочны сігнал магутнасці і патэнцыялу нашай супольнасці. Такія крокі дэманструюць нашую гатоўнасць да мабілізацыі, актыўнага ўдзелу ў жыцці супольнасці, здольнасць да стварэння і распрацоўкі новых форм самавызначэння. Аднак гэта зусім не абазначае, што беларускай палітыцы неабходна прытрымлівацца заўсёдных правілаў. Мы прытрымліваліся гэтага ў 2020 годзе і працягваем да гэтага часу. Ці не прыйшоў час разгледзець новыя падыходы ў 2024 годзе?

Лукашэнка ніколі не прытрымліваўся правілаў, тады як беларуская апазіцыя і дагэтуль удзельнічае ў перадвыбарчай гонцы. Мы працягваем ствараць планы і праекты для «Новай Беларусі» недзе ў будучыні. Мы баімся палярызацыі грамадства, якое ўжо не збіраецца вяртацца назад у Беларусь. Тым часам, лідары пратэснага руху і самыя таленавітыя спецыялісты паспяхова інтэгруюцца ў еўрапейскае грамадства. Толькі ў 2022 годзе 2985 беларусаў атрымалі польскія пашпарты, а колькасць кампаній з беларускім капіталам дасягнула 4980. Гэта чалавечы рэсурс нашай дыяспары, які будзе скарачацца з кожным годам.

Мы абсалютна слушна зазначаем, што нават у развітых дэмакратычных краінах існуюць свае складанасці і недахопы, і таму няма патрэбы ідэалізаваць іх сістэмы. Але мы ўсё яшчэ спрабуем будаваць дэмакратыю па іх узоры, нягледзячы на адсутнасць уласнай тэрыторыі, міжнароднага прызнання і фінансавых рэсурсаў. Узнікае пытанне: ці здольны наш пашпарт сапраўды канкураваць з польскім ці партугальскім? Польскі пашпарт уваходзіць у TOП-20 самых уплывовых у свеце, даючы магчымасць наведваць 154 краіны без віз.

На фоне гэтых разважанняў становіцца вельмі актуальнай лекцыя Пітэра Тыля «Competition is for Losers», дзе ён падкрэслівае, што замест бесперспектыўнага канкурэнтнага пераймання лепш ствараць абсалютна новыя прадукты і рынкі. У кантэксце сучаснай пашпартнай сістэмы, якая фармавалася ў перыяд Першай сусветнай вайны і якая ўжо не адпавядае новым тэхналагічным рэаліям, гэты падыход здаецца асабліва важным.

Развіццё новага беларускага пашпарту можна параўнаць з інвестыцыяй у новую FM-радыёстанцыю з уласнымі вышкамі ў эпоху, калі аўдыторыя ўжо перайшла на слуханне падкастаў у сацыяльных сетках

Давайце паглядзім на сітуацыю праз прызму тэхна-аптымізму і засяродзімся не на невядомай будучыні, а на сучаснасці. На гэтай пляцоўцы гучалі такія словы, як «дзяржава як сэрвіс», і мы бачым паспяховыя прыклады гэтых праектаў у блізкай Эстоніі. Краіне з насельніцтвам у палову Кіева ўдалося эфектыўна наблізіцца да развітых капіталізмам дэмакратый, дзякуючы дзіджытал-трансфармацыі. Як невялікім стартапам лягчэй трансфармаваць рынак праз сваю гнуткасць, так і ў нас цяпер шмат больш шанцаў зрабіць рывок у сістэме кіравання, чым калі-небудзь у гісторыі Беларусі. Рывок або «leapfrog» абазначае прапусціць цэлыя пакаленні тэхналогій і зрабіць прамы пераход да самых перадавых. Напрыклад, тое, як Паўночная Еўропа адразу перайшла на фільтр-каву, а у Італіі цяпер цяжка знайсці speciality кавярню. Альбо як адбыўся рывок у фінансавай сферы Кеніі: ад поўнай адсутнасці банкаўскіх паслуг — адразу да мабільных плацяжоў накшталт M-Pesa.

Інавацыйныя ідэі і такія існуючыя праекты, як Próspera і Praxis, адлюстроўваюць новы падыход у развіцці сацыякультурнага і палітычнага жыцця. Гэтыя практыкі могуць стаць мадэллю для Беларусі, якая імкнецца да стварэння новых формаў дзяржаўнага кіравання і самаарганізацыі. У іх падмурку ляжыць канцэпцыя «сеткавага дзяржаўнага ладу». Аднайменную кнігу напісаў Баладжы Срынівасан. І калі ў адным сказе, то гэта высока сінхранізаваная анлайн-супольнасць, здольная да калектыўных дзеянняў, якая збірае фінансавыя сродкі для набыцця тэрыторыі па ўсім свеце і ў выніку атрымлівае дыпламатычнае прызнанне ад існуючых дзяржаў.

Гэтая ідэя надта магчымая для Беларусі, улічваючы развіццё сучасных тэхналогій. Наша бяда з'яўляецца таксама магчымасцю, і для яе эфектыўнай рэалізацыі ёсць ужо існуючыя сувязі супольнасці. Гэты падыход мае шэраг пераваг: ён адлюстроўвае прынцыпы дэмакратыі «знізу-ўверх», дзе кожны ўдзельнік мае магчымасць уплываць на працэсы прыняцця рашэнняў і адначасова адлюстроўвае патрэбы сучаснага грамадства ў гнуткасці, інавацыйнасці і мабільнасці. Такім чынам, наша суполка можа разглядаць магчымасць укаранення сеткавага дзяржаўнага ладу як рэальную альтэрнатыву для развіцця і адраджэння краіны цяпер, а не калісьці ў будучыні.

BELARUS NETWORK STATE

Канцэпцыя «Сеткавая дзяржава Беларусь» дэманструе новыя перспектывы для рацыянальнага беларускага нацыяналізму і самаідэнтыфікацыі беларусаў у глабалізаваным свеце. Гэтая ідэя аб'ядноўвае беларусаў па ўсім свеце ў адзіную сеткавую супольнасць, якая мае свае асаблівасці:

  • Эканамічная самаарганізацыя
    Незалежна ад геаграфічнага размяшчэння, беларусы могуць аб'ядноўвацца для стварэння эканамічных і культурных ініцыятыў.

  • Рэгуляванне і стымулы
    Умовы рэгулявання, эканамічныя і культурныя стымулы могуць быць распрацаваныя і ўкаранёныя для падтрымкі і росту супольнасці ужо зараз.

  • DID з e-Residency карткай
    Яны змогуць выкарыстоўвацца як лічбавыя пашпарты і асабістыя дакументы з фізічнай карткай, якая дазволіць беларусам па ўсім свеце адчуваць сябе часткай адзінай нацыі, незалежна ад іх месцазнаходжання.

Усё гэта можа быць рэалізавана невялікай камандай праграмістаў. Прыклад Палау паказвае, што нават невялікія супольнасці могуць стварыць уласныя эфектыўныя сістэмы рэзідэнцтва і кіравання, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі.

СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ ЭКАНАМІЧНЫЯ ЗОНЫ

Асноўным недахопам у рэалізацыі канцэпцыі «Сеткавая дзяржава Беларусь» з'яўляецца адсутнасць фізічнага хаба, які б забяспечыў прававыя падставы для яе функцыянавання. У якасці вырашэння праблемы мы можам выкарыстоўваць ужо правераны падыход у выглядзе спецыяльных эканамічных зон (СЭЗ), колькасць якіх у свеце павялічылася з 79 у 1975 годзе да 5400 — у 2018 і 7000 — у 2022.


Візуалізацыя колькасці эканамічных зон і колькасці краін з іх прысутнасцю // UNCTAD

Згодна з даследаваннем Сусветнага банку, большасць з іх — 62% — былі створаныя і кіруюцца прыватным сектарам. Гэта сведчыць пра эфектыўнасць СЭЗ як інструмента для прыцягнення інвестыцый і стымулявання інавацый. Гэты механізм выкарыстоўваюць вышэйзгаданыя праекты Próspera і Praxis.


Візуалізацыя эканамічных зон па форме ўласнасці // openzonemap.com

Беларуская дыяспара павінна абмеркаваць узаемавыгадныя ўмовы арэнды тэрыторыі, пры якіх прымаючы бок атрымае кампенсацыю ў выглядзе інвестыцый і інавацый, якія перакрыюць падатковыя зніжкі для СЭЗ.

Такая юрыдычная платформа прадстаўляе зусім новы ўзровень дыялогу з існуючымі дзяржавамі: ад ролі ахвяры — да актыўнага ўдзельніка, які фармуе ўласную будучыню.

ШТО ДАЛЕЙ?

Далей для рэалізацыі канцэпцыі «Сеткавая дзяржава Беларусь» важна засяродзіцца на наступных кроках:

  1. Згода і падтрымка дыяспары
    Актыўная згода і падтрымка беларускай дыяспары за мяжой з'яўляецца ключавой. Неабходна збіраць кам'юніці і падтрымліваць network effect не толькі ў такіх краінах з вялікай канцэнтрацыяй беларусаў, як Польшча, але і ў Германіі, Партугаліі і гэтак далей.

  2. Пабудова супрацоўніцтва і партнёрства
    Развіццё стратэгічных стасункаў з міжнароднымі і лакальнымі партнёрамі, якія могуць падтрымаць рэалізацыю праектаў у межах СЭЗ.

  3. Прыцягненне капіталу і інвестыцый
    Залучэнне як унутраных, так і знешніх рэсурсаў, у тым ліку грантаў і інвестыцый, ад арганізацый, зацікаўленых у інавацыйных і дэмакратычных праектах — напрыклад, ад tipolis.com, Balaji Fund, pronomos.vc, paradigm.xyz.

  4. Выбар тэрыторыі для СЭЗ
    Неабходна вывучыць і выбраць патэнцыяльную тэрыторыю для стварэння новай СЭЗ. Гэта павінна быць невялікая краіна з цікавасцю да прыросту знешняга капіталу

  5. Распрацоўка прававой і арганізацыйнай структуры
    Стварэнне адпаведных юрыдычных і арганізацыйных межаў для паспяховай рэалізацыі канцэпцыі  «Сеткавая дзяржава Беларусь».

Калі вы хочаце ўплываць на будучыню беларускай супольнасці і ўдзельнічаць у інавацыйных праектах, мы запрашаем вас запоўніць анлайн-форму. Гэта ваш шанец падзяліцца ідэямі і рэсурсамі, а таксама даведацца пра далейшыя крокі.


Рэй Світла

Автор

Рэй Світла


Заснавальнік (TheState.me)

Як заснавальнік TheState.me, ён спрыяе пераходу ад нацыянальных дзяржаў да сеткавых дзяржаў. Рэй Світла заснаваў WAKA, абнаўляючы сферу анлайн-знаёмстваў. Спектр прафесійных роляў уключае пасады кансультанта па стартапах, стварэнне аддзелу маркетынгавых даследаванняў у BDC.consulting, а ў 2020 годзе ён арганізаваў краўдфандынгавую кампанію і распрацаваў новы герб для Беларусі.