article-img

Як размеркаваць падаткі на карысць грамадства?

Автор: Цэнтр новых ідэй | 2 мая 2024 г.

Выканана ў межах Case Club 2024 ад Цэнтра новых ідэй. Аўтар: Алесь Доўнар.

На першым этапе дэмакратычнай трансфармацыі ў Беларусі будзе вельмі важна развіваць механізмы самой дэмакратыі і грамадзянскага ўдзелу. Непасрэдная ўцягнутасць грамадзян у прыняцце рашэнняў і эфектыўнае размеркаванне фінансавых сродкаў адыграюць крытычную ролю ў тым, наколькі ўстойлівай і ўсёахопнай будзе будучая дэмакратыя.

Не менш важна, на якіх каштоўнасцях будзе грунтавацца будучае ўзаемадзеянне дзяржавы і грамадства, вяртанне ўсебаковага даверу паміж усімі актарамі. З гэтага пункту гледжання філантропія з’яўляецца неймаверна карысным альтруістычным элементам фінансавання прыватных ініцыятыў дзеля грамадскага дабра.

Магчымасць грамадзянамі самастойна размяркоўваць частку падаткаў мае вельмі добры патэнцыял для павышэння ўдзелу грамадзян і кантролю падаткаплатнікаў над дзяржаўнымі сродкамі. З іншага боку, безумоўна патрэбная фінансавая ўстойлівасць грамадскага сектара, дабрачынных арганізацый, царквы ды НДА, увогуле функцыянаванне адукацыйных, навуковых, культурных праектаў незалежна ад узроўню фінансавай падтрымкі міжнароднымі донарамі.

Такім чынам, далей будзе прапанавана ўвесці ў заканадаўства Беларусі механізм адсоткавага размеркавання ў памеры 1% падаходнага падатку дзеля развіцця культуры філантропіі і атрымання неабходнага фінансавання дабрачыннымі арганізацыямі, НДА, культурнымі і асветніцкімі інстытутамі, рэлігійнымі ўстановамі. Таксама ў гэтай працы апісана, як гэты механізм ужо працуе ў іншых краінах і якія існуюць альтэрнатывы.

Механізм

Усе краіны, гаворка пра якія будзе ісці далей, маюць некаторую форму падатковых ініцыятыў дзеля заахвочвання філантрапічнай актыўнасці. Формы і механізмы гэтых ініцыятыў могуць адрознівацца. У большасці еўрапейскіх краін (гл. Табліцу 1) сёння ўжываецца прынцып “падатковага выліку” (англ. tax deduction). Фактычна, агульная сума філантрапічных ахвяраванняў або яе частка адлічваецца ад падаходнага падатку (англ. personal income tax, PIT) перад тым, як гэты падатак вылічваецца, такім чынам памяншаючы падаткаабкладальны даход. Таксама ёсць іншы механізм — “вылучэнне падатку” (англ. tax allocation), калі пэўны адсотак (0,5-3%) падаходнага падатку ідзе на фінансаванне грамадскіх і дабрачынных арганізацый.


Вылучэнне падатку (Allocation)

Схемы вылучэння падаткаў могуць быць выкарыстаныя дзеля развіцця культуры дабрачынных ахвяраванняў у краінах, дзе культура дабрачыннасці менш развітая. Фактычна, донару толькі трэба знайсці час для прызначэння фіксаванай сумы той ці іншай установе. Гэта дапамагае наладзіць сувязі паміж шырокай грамадскасцю і філантрапічнымі арганізацыямі, а фонды ды НДА атрымліваюць неабходную ім фінансавую падтрымку. 

Механізм вылучэння падаткаў збольшага з’явіўся ў посткамуністычных краінах Еўропы падчас пераходнага перыяду. Тут можна адзначыць Польшчу, Венгрыю, Славакію, Румынію, а таксама Партугалію. Геаграфічна Партугалія знаходзіцца ў іншым рэгіёне, але ж працяглы перыяд дыктатуры заставіў свой след і тут. Дадзеныя паказваюць, што да 2016-га года ў краінах, якія абралі шлях вылучэння адсотка падаткаў (allocation), дабрачынныя арганізацыі і НДА атрымалі блізу € 5 млрд. У адной толькі Польшчы ў 2022-ым годзе 16 млн грамадзянаў пераразмеркавалі такім чынам больш за адзін мільярд злотых. 

Першай механізм вылучэння падаткаў пачала выкарыстоўваць Венгрыя ў 1997-ым годзе, наступнай была Партугалія ў 2001-ым, Славакія — у 2002-ім, Літва — у 2003-ім, Польшча і Румынія — у 2004-ым, Славенія — у 2007-ым. Сур’ёзныя дыскусіі аб выкарыстанні механізма таксама ідуць у Сербіі, Харватыі, Македоніі ды Украіне.

У Венгрыі падаткаплатнікі накіроўваюць 1% ад падаходнага падатку на рахункі зарэгістраваных фондаў ці НДА. Увогуле дзеля выканання гэтага механізма арганізацыя мусіць быць афіцыйна зарэгістраваная і мець адпаведны статус. А ў Літве і Славакіі, напрыклад, гэты адсотак роўны 2%.

Працэнтны механізм таксама дапамог ва ўзбагачэнні досведу аб працы грамадзянскага сектара, што з'яўляецца найважнейшым элементам у развіцці грамадзянскай супольнасці. Актуальнасць і сіла грамадскіх арганізацый шмат у чым залежыць ад прызнання і падтрымкі. Каб змяніць культуру і адносіны ў грамадстве, патрэбныя дзесяцігоддзі адукацыі і змена некалькіх пакаленняў. Закон аб адсотках прапануе ўнікальную магчымасць паскорыць такія змены ў дачыненні некамерцыйных арганізацый.

Прапанова

Прапануецца ўвесці механізм вылучэння падатку (tax allocation) у заканадаўства Беларусі ў памеры 1% ад падаходнага падатку. Па звестках на 2023-ы год гэтая сума раўняецца 115 млн беларускіх рублёў (ці € 32,5 млн). 

Меншы адсотак падаецца нерэлевантным, таму што тады вылучаная сума будзе недастатковай для фінансавання грамадскіх арганізацый і іншых інстытутаў. Вылучэнне большага адсотка таксама можа не знайсці падтрымкі грамадства і экспертнай супольнасці, бо на першым этапе дэмакратычнай трансфармацыі прыярытэты могуць быць іншымі. Фінансаванне крытычнай інфраструктуры, адукацыі ды аховы здароўя падаецца больш неабходным і прыярытэтным.

Выкарыстанне механізма мае павысіць давер грамадства да дзяржавы праз магчымасць грамадзян накіроўваць пэўны адсотак падатку самастойна, а таксама палепшыць разуменне грамадзянамі колькасці сплачаных падаткаў. Акрамя таго, гэта будзе паступова развіваць культуру філантропіі і грамадскага фінансавага ўдзелу ў жыцці важных дабрачынных арганізацый, НДА ды фондаў, якія атрымаюць патрэбнае фінансаванне, на якое ў дзяржавы можа не хапаць сродкаў ці ўвагі.


Цэнтр новых ідэй

Автор

Цэнтр новых ідэй


(Даследчы цэнтр)