article-img

Рызыкі ўвядзення электроннага галасавання ў Беларусі

Автор: Цэнтр новых ідэй | 1 мая 2024 г.

Публікацыя ўдзельніка ў межах Кейс-клуба 2024 ад ЦНІ.

У лютым 2024-га года ўлады Беларусі пачалі актыўнае абмеркаванне ідэі ўвядзення электроннага галасавання. Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) толькі пачынае распрацоўку гэтага пытання, а дэмакратычныя сілы яшчэ не ўвялі рэгулярную практыку электроннага галасавання за прадстаўнікоў дэмакратычных структур, але досвед электроннага галасавання ўжо быў адзначаны летам 2020-га года падчас выкарыстання пляцоўкі «Голас». Таму электроннае галасаванне — гэта пытанне сённяшняга дня і найбліжэйшай будучыні, якое, аднак, мае шэраг праблем.

Па-першае, некантралявана хуткая інтэграцыя тэхналогій у палітычнае жыццё можа прывесці да імплементацыі практык электроннага галасавання без вывучэння складанасцяў і праблем, якія ўзнікаюць на шляху лічбавізацыі электаральных працэсаў. Па-другое, непрадказальная палітычная будучыня Беларусі не гарантуе, што лічбавыя інструменты не стануць сродкам маніпуляцыі электаральным выбарам грамадзян. Таму рызыкі і складанасці электроннага галасавання і абмяркоўваюцца ў нашым аналітычным дакуменце, каб разабрацца, якія перавагі і недахопы сістэмы электроннага галасавання існуюць у кантэксце Беларусі і іншых краін. Мы прапануем крытычны агляд лічбавізацыі электаральных працэсаў, а таксама шэраг рэкамендацый дэмакратычным сілам, будучай ЦВК і назіральні-цам/кам за электаральнымі працэсамі.

Электроннае галасаванне

Электроннае галасаванне (ЭГ) — гэта зборны тэрмін для абазначэння любой тэхналогіі, якая дапамагае ў запаўненні або падліку выбарчых бюлетэняў. Да сістэм электроннага галасавання адносяцца: 

  • электронныя машыны для галасавання з прамым запісам (Direct recording electronic); 

  • сістэмы аптычнага распазнавання метак (Optical Mark Recognition), заснаваныя на сканерах, якія могуць распазнаваць пазнаку выбарцаў на спецыяльных машыначытальных бюлетэнях; 

  • электронныя прынтары для галасавання (Electronic ballot printers), прылады, падобныя да машыны для галасавання з прамым запісам, якія вырабляюць машыначытальны папяровы або электронны жэтон, які змяшчае пазнаку выбарцы;

  • сістэмы галасавання ў інтэрнэце, дзе галасы перадаюцца праз інтэрнэт на цэнтральны сервер падліку.

Адпаведна інфармацыі, апублікаванай міжнародным інстытутам дэмакратыі і дапамогі ў правядзенні выбараў IDEA, 29 краін выкарыстоўваюць электроннае галасаванне на нацыянальных выбарах, а 18 — на рэгіянальных выбарах. Не ўсе з гэтых краін — дзейныя дэмакратыі. Гэта падкрэслівае важнасць таго, што кожная сістэма ЭГ мае свае ўразлівасці, якія могуць быць выкарыстаныя для фальсіфікацыі вынікаў галасавання на розных этапах.

Можна вылучыць тры элементы, якія неабходна ўлічваць пры ўвядзенні электроннага галасавання: давер да выбарчай сістэмы, сацыяльна-палітычны кантэкст і тэхнічныя ўмовы. Калі першыя два фактары, безумоўна, патрабуюць сур’ёзных зменаў, наконт трэцяга можна сцвярджаць, што Беларусь мае тэхнічныя ўмовы для распаўсюду электроннага галасавання. Згодна з даследаваннем ААН «Электронны ўрад 2022», Беларусь мае высокі агульны індэкс развіцця электроннага ўрада (EGDI) і займае паводле гэтага паказніка 58 месца ў свеце. У першую чаргу гэта звязана з высокімі індэксамі тэлекамунікацыйнай інфраструктуры (TII) і чалавечага капіталу (HCI). У нашай краіне 85% насельніцтва карыстаюцца інтэрнэтам, а таксама ёсць высокая якасць мабільнага пакрыцця па ўсёй тэрыторыі. Сыходзячы з высокіх пазіцый Беларусі ў Індэксе чалавечага капіталу (HCI), мы можам таксама зрабіць дапушчэнне, што беларусы хутка і эфектыўна засвойваюць новыя лічбавыя тэхналогіі.

Перавагі і хібы

Сапраўды, электроннае галасаванне мае шэраг пераваг, вылучаных міжнародным інстытутам дэмакратыі і дапамогі ў правядзенні выбараў IDEA. Найбольш актуальнымі для беларускіх выбарцаў можна назваць больш хуткі падлік галасоў і падвядзенне вынікаў, выключэнне чалавечага фактару пры падліку і павышэнне зручнасці працэсу для выбарцаў, у тым ліку для асоб з інваліднасцю. Гэтыя элементы могуць паспрыяць павелічэнню яўкі выбарцаў, асабліва дзякуючы інтэрнэт-галасаванню. З пункту гледжання дзяржавы важным аргументам з’яўляецца патэнцыйная доўгатэрміновая эканомія выдаткаў за кошт ашчаджэння часу работні-ц/каў выбарчых участкаў і зніжэння выдаткаў на выраб і распаўсюд бюлетэняў.

Аднак ЭГ мае не толькі плюсы, але і вельмі глыбінныя хібы, што першасна датычацца гарантыяў бяспекі галасоў і перадухілення фальсіфікацый на выбарчых участках і пры фінальным падліку галасоў. Нават у краінах з развітай дэмакратыяй і наяўным даверам да выбарчай сістэмы найбольшымі выклікамі пры ўкараненні ЭГ з’яўляюцца забеспячэнне празрыстасці працэсаў і перадухіленне злоўжывання магчымасцямі, якія даюць тэхналогіі ЭГ.
Сярод галоўных хібаў мы вылучылі:

  • адсутнасць ананімнасці галасавання і моцны кантроль з боку дзяржавы;

Даследаванні паказваюць, што грамадзяне адчуваюць пагрозу прыватнасцi волевыяўлення, што прыводзіць да больш кантраляванага галасавання на карысць улады. Напрыклад, даследаванні выбараў у гарадскую Думу Масквы паказалі фальсіфікацыю вынікаў, што выявілася ў незвычайнай структуры галасавання. Такім чынам, тэхналогіі могуць маскаваць маніпуляцыі, робячы электроннае галасаванне дэмакратычным толькі звонку. Выбарцы павінны перадаваць вялікую частку сваёй асабістай інфармацыі сістэмам для праверкі асобы, што выклікае пытанні ў захаванні ананімнасці і інфармацыі аб выбарцах. Гэта можа павялічваць асцярогі з боку выбарцаў, што дзяржава ці іх начальства на працы даведаецца пра тое, каго яны падтрымліваюць. Гэта ўплывае на тое, што шмат хто можа пастанавіць галасаваць за ўладу супраць сваёй волі, каб пазбегнуць патэнцыйных праблемаў. Пры гэтым у такім сцэнары проста немагчыма абвінаваціць улады ў прамым ціску на выбарцаў.

  • тэхнічныя складанасці для назірання за электаральным працэсам;

Цалкам тэхналогія электроннага галасавання з'яўляецца «праграмным забеспячэннем чорнай скрыні», што азначае, што грамадскасць не мае доступу да праграмнага забеспячэння, якое кіруе машынамі для галасавання. Гэта пацвярджаецца  прыкладам  Нідэрландаў, якія праводзілі электроннае галасаванне на выбарах у Еўразвяз у 2004-ым годзе. Даследаванні пацвердзілі наяўнасць тэхнічных праблем, пасля чаго НДА We Don’t Trust Voting Computers прадэманстравала, што праграмнае забеспячэнне можна было замяніць на маніпуляваную версію на працягу 1 хвіліны. Як вынік, урад Нідэрландаў спыніў практыку электроннага галасавання.

  • абмежаванні фізічнага кантакту;

Электроннае галасаванне можа выкарыстоўвацца аўтарытарнымі рэжымамі для паспяховага маскавання фальсіфікацый. Як адзначаюць сацыёлагі, выбары выкарыстоўваюцца як падзея, калі людзі з рознымі поглядамі збіраюцца разам, каб пачаць дыялог. Фізічная прысутнасць пры такіх падзеях асабліва важная, бо дыстанцыяванне людзей ад традыцыйных месцаў збору негатыўна ўплывае на сацыяльны капітал і дэмакратычныя рухі краіны. Гэта тактыка, якую мы назіралі на выбарах у Беларусі ў 2020-ым годзе і ў Расеі ў 2024-ым годзе.

Высновы і рэкамендацыі

Улічваючы разгледжаныя вышэй перавагі і недахопы электроннага галасавання, а таксама беручы пад увагу досвед арганізацыі выбарчых працэсаў у Беларусі і (не)давер грамадства да выбарчай сістэмы, мы робім наступныя высновы:

  1. да спробаў увесці ў сучаснай Беларусі электроннае галасаванне трэба ставіцца вельмі асцярожна, бо гэта можа толькі ўзмацніць махлярства і фальсіфікацыі на выбарах;

Замежным актар-кам/ам, якія назіраюць за выбарамі ў Беларусі, трэба з асаблівай увагай сачыць за ўкараненнем сістэмы электроннага галасавання ў сучаснай Беларусі і ўлічваць усе хібы сістэм ЭГ, якія могуць быць выкарыстаныя для дадатковых фальсіфікацый вынікаў.

  1. нават пры карэнных палітычных зменах электроннае галасаванне не можа стаць альтэрнатывай традыцыйнаму галасаванню і мусіць разглядацца толькі як дадатковае і неабавязковае. Пытанні, якія не вырашалі інстытуты, не вырашыць і электроннае галасаванне;

Дэмакратычнаму руху і будучай ЦВК Беларусі спачатку трэба распрацаваць выбарчыя і дэмакратычныя інстытуты, павысіць давер грамадства да гэтых інстытутаў і толькі потым разглядаць магчымасць увядзення электроннага галасавання.

  1. электроннае галасаванне можа стаць добрым дадаткам да адноўленай выбарчай сістэмы ў постаўтарытарнай Беларусі.

Для гэтага дэмакратычнаму руху, будучаму ўраду і будучай ЦВК Беларусі патрэбна: развіваць дзяржаўныя лічбавыя сэрвісы, павышаць інфармаванне насельніцтва пра гэтыя сэрвісы і ўвогулле давер да іх. Неабходна таксама больш шырока развіць лічбавае кіраванне перад увядзеннем электроннага галасавання.


Цэнтр новых ідэй

Автор

Цэнтр новых ідэй


(Даследчы цэнтр)