Аляксандр Мілінкевіч: Да чаго гатовае беларускае грамадства і да чаго мусіць рыхтавацца?
Author: Аляксандр Мілінкевіч | October 17, 2022
У якім стане цяпер знаходзіцца нашае грамадства? Ці здольнае яно прымаць геапалітычныя лёсавызначальныя рашэнні? Лічу, што ў значнай ступені гатова. Тым, як беларусы пратэставалі, яны прадэманстравалі ўсяму свету і перш за ўсё самім сабе, што яны — народ. Народ еўрапейскі, які хоча жыць у дэмакратыі, свабодзе, хоча сам выбіраць ўладу, вызначаць лёс — свой і сваіх дзяцей. Думаю, што гэта павінна ўмацоўваць наш дух.
Але вечна жыць дваццатым годам не варта, хаця гэта наш вялікі патэнцыял і сучасная гісторыя. Трэба думаць, што будзе заўтра і паслязаўтра, і ці мы выйграем Беларусь
За яе ідзе страшэннае змаганне. У тым ліку ў Крамлі, дзе зразумелі, што страцілі Украіну, і цяпер забіваюць там людзей і знішчаюць інфраструктуру, спрабуючы сілай узяць тэрыторыю дзеля захавання «рускага міру».
Фотаздымак: жаўнеры і пажарнікі працуюць на месцы атакі дронамі ў Кіеве 17 кастрычніка, Getty
У маскоўскай канцэпцыі Беларусь адыгрывае вялікую ролю. Таму што, з аднаго боку, Лукашэнка зрабіў так, што наша краіна татальна залежыць ад Расіі. Але мы ўсё ж фармальна незалежная краіна — і гэта наша велізарная каштоўнасць. Расія пакуль не акупуе Беларусь, таму што яе войскі і так тут, а залежнасць Лукашэнкі стала абсалютнай. Таму Беларусь пакуль застаецца ў абойме з усходнім суседам. У Маскве спадзяюцца, што на сёняшнім этапе яна нікуды не выскачыць. Толькі з-за гэтага нас не кранаюць.
Але калі Беларусь пачне крочыць да самастойнасці, хутчэй за ўсё, кожны крок будзе ўспрымацца вельмі балюча той Расіяй, якая будзе пасля Пуціна
Не думаю, што ён доўга пратрымаецца, але пасля яго будзе другі Пуцін, другі імперыяліст, таму што грамадства там імперскае. Нам прыйдзецца жыць з суседам, для якога Беларусь мусіць быць «у калена». Які будзе ўключаць усе механізмы, каб паказаць беларусам, што «там на Западзе вас ніхто не чакае, а тут дзьве трубы, стары сябра, імперская веліч».
Мы ганарымся ўкраінцамі, захапляемся іх моцным непераможным духам. Калі параўнаць нас з імі, то нам больш за ўсё не хапае беларускай ідэнтычнасці, разумення значэння мовы і чаму яе адраджэнне патрэбнае — што гэта не столькі сродак камунікацыі, колькі фундамент нашай самасвядомасці. Нам не хапае ведаў нашай гісторыі, якая вельмі мацуе дух. Украінцы за апошнія гады так прасунуліся ў веданні гісторыі, мовы, культуры, што фактычна выхавалі новае пакаленне, якое цвёрда ведае «Мы — украінцы і гэтым вельмі ганарымся». Якое ведае, куды ідзе. Якое хоча адназначна вярнуцца ў еўрапейскую сям’ю. Якое хоча гаспадарыць на сваёй зямлі. Цяпер гэты дух вырашае лёс вайны.
Нам таксама трэба рыхтаваць нашае грамадства. Але не да вайны, а да адстойвання свайго права жыць на сваёй зямлі, па сваіх законах і правілах
Інакш гэтага нам будзе вельмі не хапаць у момант адыхода дыктатуры. Сацыялогія паказвае, што беларусы ў абсалютнай большасці супраць вайны. Але ж адначасова зашмат людзей сімпатызуе Пуціну і Расіі. Значнай большасці Лукашэнка ўжо не даспадобы, але беларусам хочацца мець лідара, да якога прыхіліцца і быць упэўненымі, што «ён за нас ўсё зробіць». Зразумела, што ва ўмовах татальнай крамлёўскай і беларускай прапаганды бліжэйшы нам Пуцін (не Буш жа ці польскі Дуда).
Нам неабходна яшчэ шмат працаваць, каб беларусы усвядомілі, што мы — самастойны народ, што мы родам з Еўропы
Многія гэта адчуваюць, пакуль хутчэй інтуітыўна, на узроўні адчування ментальнай розніцы. Але трэба працаваць над масавым фармаваннем беларускай ідэнтычнасці. І рабіць гэта ўжо зараз праз прапаганду і агітацыю.
Другое, што нам трэба рабіць, — гэта новыя падыходы да працы на міжнароднай арэне. Як старая, так і новая апазіцыя, пасля жорсткага падаўлення мірных маніфестацый мы праз два гады працягваем бязконца скардзіцца: «Бачыце, што вырабляе рэжым». Так, трэба расказваць пра рэпрэсіі, палітвязняў, але апеляваць да Захаду выключна тым, што ён абавязаны нам з-за гэтага дапамагчы, — вельмі слабая пазіцыя.
Мы мусім паказаць, што мы — самыя перспектыўныя ў рэгіёне для правядзення дэмакратычных, эканамічных і сацыяльных рэформаў, што мы донары бяспекі. Нам патрэбны супольны, як мага больш кансалідаваны праект, у які дэмакратычны свет палічыць важным інвеставаць. Але гэта мы павінны даказваць, што ў нас варта сур’ёзна інвеставаць
Паказаць, што ў беларусаў еўрапейскі менталітэт, гісторыя, культура, што беларусы — еўрапейцы па паходжанню і яны вяртаюцца ў сям’ю. Паказаць, што мы вельмі працавіты і законапаслухмяны народ, у нас добры ўзровень тэхнічнай і інжэнернай адукацыі, развітая інфраструктура. У нас заўсёды была добра развітая грамадзянская супольнасць. У нас ёсць эканамісты, фінансісты, юрысты і іншыя спецыялісты, якія ведаюць, як рабіць рэформы, і працуюць над імі, у тым ліку ў Офісе Ціханоўскай. Мы павінны прадаваць гэта на рынку міжнародная палітыкі. Але ж не столькі дзеля таго, каб прасіць у Захада грошы, колькі дзеля таго, каб мы самі былі падрыхтаваныя да адраджэння Беларусі.
Фотаздымак: вул. Кастрычніцкая, 34mag
Бо санкцыі — гэта важны і адзін з нешматлікіх даступных Захаду інструментаў, які робіць балюча антычалавечым рэжымам. Але нельга лічыць, што перш за ўсё яны прынясуць нам дэмакратыю і свабоду. Ёсць прыклады Паўночнай Карэі, Кубы, якія пад санкцыямі шмат гадоў, але там так і не з’явілася дэмакратыі.
Таму нельга рабіць стаўку толькі на санкцыі. Яны — перш за ўсё маральная ацэнка парушэнняў закону і правоў чалавека ў дыктатурах
Больш за тое, часам яны не прыводзяць да ўзмацнення жадання дэмакратычных пераўтварэнняў — з-за іх растуць антызаходнія настроі, а прадэмакратычныя – падаюць.
У той жа час нам важна памятаць, што пасля перамогі над дыктатурай мы будзем святкаваць некалькі дзён, вып’ем усё шампанскае ў краіне, паставім нашы каханыя бчб-сцягі на выканкамах. Але гэтая эйфарыя хутка пройдзе — і тады нас будуць чакаць дэмакратычныя выбары, і няма стопрацэнтавай гарантыі, што на іх выйграюць дэмакраты. Нам трэба зрабіць так, каб яны ўсё ж такі выйгралі. Дзеля гэтага варта выхоўваць грамадства. Толькі еўрапейскімі каштоўнасцямі, беларусізацыяй, вяртаннем да беларускай гісторыі шырокае грамадства мы не возьмем. Моладзь, новых актывістаў — так. Але большасць людзей будзе думаць пра тое, што адбудзецца ў іх сям’і, які будзе заробак, ці не прыціснуць іх рэформы да сцяны так, што дзеці будуць галодныя. Робячы рэформы апошнімі мы можам выкарыстаць досвед суседзяў. Мне, напрыклад, падабаюцца рэформы Эстоніі і Польшчы.
Нам абсалютна неабходна ўжо зараз паказываць на прыкладах суседзяў: вось як яны зрабілі рэформы — і эканамічныя, і ў адукацыі, і ў ахове здароўя, карупцыю перамаглі, еўрапейскую краіну будуюць — і жывуць годна, у іх расце дабрабыт і законы бароняць людзей, і ўладу з нізу доверху яны абіраюць самі
Каб нас падтрымлівалі і сёння ў працы на будучыню Беларусі, і калі пачнецца трансфармацыя, важнае аб’яднанне дэмакратаў. Лягчэй за ўсё аб’ядноўваюцца дыктатары, а дэмакратам традыцыйна складаней. Але ж у 2020 годзе мы змаглі аб’яднацца вакол слова «супраць» — супраць несправядлівасці, рэпрэсій, хлусні, дыктатуры, супраць улады, якая безнадзейна састарэла. Зараз стаіць пытанне аб’яднання на супольных каштоўнасцях. І дзеля гэтага мы павінны навучыцца кампрамісам, забыць старыя крыўды, размаўляць з людзьмі іншых поглядаў. Гэта працэс больш-менш ідзе. Амбіцыі ніхто не адмяняў, але ж мы вучымся размаўляць адзін з адным і будаваць супольнае бачанне Беларусі.