Што рабіць, калі Расія адключыць газ? Адказы патрэбныя ўжо сення
Author: Яўген Макарчук | December 19, 2022
Як будзе функцыянаваць энергетыка дэмакратычнай Беларусі? Адказы патрэбныя ўжо сёння
Уявім, што заўтра адбываецца дэмакратычны транзіт. Ці будзе Расія спакойна назіраць за тым, як Беларусь будуе незалежную палітычную сістэму з дэмакратычнымі інстытутамі? Можна з вялікай доляй упэўненасці сказаць, што не. Сёння мы бачым, што яна можа ўжываць любыя сродкі для захоўвання свайго ўплыву на суседнія краіны. Мы разгледзім варыянт неваеннага ціску на Беларусь з мэтай вяртання кантролю над яе палітыкай, а менавіта выкарыстання энерганосьбітаў як зброі — павышэнне кошту ці спыненне паставак энергетычных рэсурсаў.
Існуючы досвед паказвае, што гэта амаль гарантаваная сітуацыя пры прыходзе да ўлады не прарасійскіх сіл. Ад афіцыйных расійскіх прадстаўнікоў мы вельмі часта чуем, што кошты на газ і іх абмеркаванне – гэта спрэчка гаспадарчых суб’ектаў. Але фактычна мы бачым, што палітычны складнік кошту на газ значна перавышае ўсе астатнія. Гэта відаць на прыкладзе Украіны і Малдовы. Амаль адначасова з падвышэннем кошту для Малдовы Вугоршчына падпісала кантракт на пастаўкі газу каля 300 даляраў за 1 тыс. куб.м. І такіх прыкладаў вельмі шмат. Можна сказаць, што краіны нашага рэгіёну, якія змянялі знешнепалітычны кірунак развіцця, праходзілі праз перыяд газавых ці нафтавых канфліктаў з Расіяй. Таму і нас пасля змены палітычнага курсу, напэўна, чакае павышэнне коштаў на газ і нафту, а, магчыма, нават спыненні паставак.
Падвышэнне коштаў адмоўна паўплывае на эканамічныя паказчыкі Беларусі. Гэта можа выклікаць шматлікія сацыяльныя і палітычныя складанасці, асабліва ў пераходны перыяд. І, шчыра кажучы, у Беларусі будзе вельмі мала інструментаў супрацьстаяць такому сцэнару, ці неяк змякчыць наступствы рэзкага падаражання, у першую чаргу, газу. Кошт газу ва ўсіх суседніх краінах значна вышэйшы, таму няма магчымасці змяніць пастаўшчыка і пры гэтым захаваць кошт.
Падвышэнне кошту тысячы кубаметраў газу на кожныя 100 даляраў патрабуе дадаткова USD 1,8 млрд у год на яго закупку. Адказ на пытанне, як рэагаваць на падвышэнне коштаў газу ляжыць у эканамічнай плоскасці і ўпіраецца ў наяўнасць фінансавых рэсурсаў: у меру магчымага гэта можа быць фінансавая падтрымка спажыўцоў ці іншыя эканамічныя механізмы.
А вось пытанні абмежавання паставак газу — гэта ўжо больш тэхнічныя пытанні, якія толькі фінансавай падтрымкай не вырашыць. Больш за тое, наступствы ад абмежавання паставак газу для Беларусі будуць істотнымі.
Пры поўным спыненні паставак газу праца энергасістэмы немагчымая, а існуючых запасаў не хопіць на працяглы перыяд
Электрастанцыі не змогуць забяспечваць баланс магутнасці, што можа прывесці да масавых адключэнняў электраэнергіі. Цеплазабеспячэнне гарадоў асноўваецца на ЦЭЦ, якія працуюць на газе. Большасць раённых кацельных працуе на прыродным газе.
Есць магчымасць замяніць часткова выкарыстанне прыроднага газу на мазут, але есць шэраг аб’ектаў, на якіх такая замена немагчымая. Асабліва гэта тычыцца раённых кацельных і энергаабсталявання прадпрыемстваў. І на прыкладзе Украіны мы бачым, што Расія гатова пайсці на такія крокі, не лічачыся з рызыкамі і пакутамі насельніцтва.
Тэхнічныя магчымасці Беларусі для паставак газу і нафты з іншых краін значна пашырыліся за апошнія некалькі гадоў. Сёння краіны ЕЗ працуюць над пашырэннем магчымасцяў набыцця газу не з Расіі. Тэхнічна і Беларусь зможа атрымліваць газ з такіх альтэрнатыўных маршрутаў. Але для гэтага трэба вырашыць шэраг тэхнічных пытанняў.
Перш за ўсе, трэба сфармуляваць адпаведны запыт да суседніх краін, і ўжо зараз спрабаваць атрымаць пацвярджэнне гатоўнасці ад іх забяспечыць гэтую падтрымку
Калі найбольш небяспечныя наступствы сцэнару спынення паставак газу з Расіі ў Беларусь у выглядзе недахопу энерганосьбітаў будуць прадухіленыя ці вырашаныя, трэба разумець, што кошт новых паставак газу, амаль напэўна, узрасце. Адпаведна, следам узрастуць і кошты на электрычную і цеплавую энергію.
Ужо зараз трэба гэта агучваць і даносіць інфармацыю пра такую верагоднасць і нават непазбежнасць у перспектыве. Пры гэтым трэба распрацаваць і даносіць да людзей, што пры гэтым плануецца зрабіць каб забяспечыць дабрабыт насельніцтва. Трэба падрыхтоўка грамадскай думкі, каб большасць магла разумець, што ў павышэнні кошту на газ вінаваціць трэба тых, хто падвышае кошт у залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў суседняй краіне, а не тых, хто знаходзіцца пры ўладзе ў гэты момант.
Фота: Jakub Porzycki / Agencja Wyborcza.pl
Калі гэтага не рабіць зараз, то пасля будзе вельмі складана патлумачыць, як так сталася, што з прыходам дэмакратычнай улады ў краіне рэзка падаражэлі энерганосьбіты, і сталі магчымымі перабоі са святлом ці гарачай вадой.
У той жа час з боку Масквы будзе аказвацца падтрымка шматлікім прарасійскім сілам. Апошнія нікуды не падзенуцца з Беларусі, а арганізуюцца і падымуцца яшчэ хутчэй, чым дэмакратычны рух. Яны будуць
выступаць за расійскі вектар развіцця, а фактычна за працяг гандлем незалежнасці ў абмен на танны газ
І гэтыя падзеі могуць развівацца даволі імкліва.
Цалкам верагодна, што на момант правядзення дэмакратычных выбараў мы будзем мець значны рост выдаткаў на камунальныя паслугі, збядненне насельніцтва з-за пагаршэння стану эканомікі ў выніку росту коштаў на энерганосьбіты, перабоі ў забеспячэнні электра- і цеплаэнергіяй
А ў палітычным плане на выбарах будзе прадстаўнік (адзін або некалькі) дэмакратычных сіл з праеўрапейскімі поглядамі, якія фактычна ажыццяўляюць уладу да моманту выбараў, а таму ўсе праблему будуць звязвацца менавіта з гэтымі людзьмі. Побач з ім (імі) будзе прарасійскі прадстаўнік які, як некалі Лукашэнка, будзе гатовы на каленях паўзці ў Расію за танным газам. А да таго ж Расія, напэўна, падтрымае яшчэ каго-небудзь, хто проста будзе заклікаць да канчатковага вырашэння ўсіх праблем з дапамогай уваходу Беларусі ў склад Расіі. Ён, калі і не атрымае падтрымкі, то створыць уражанне, што прарасійскі кандыдат цалкам прымальны варыянт.
І ў гэтай сітуацыі будзе вельмі складана патлумачыць людзям, чаму яны павінны выбіраць дэмакратычныя сілы, якія будуць абяцаць нармальнае развіццё краіны і вяртанне эканамічнага ўзроўню, скажам, праз 5 год, а не прарасійскага кандыдата, які абяцае дабрабыт ужо фактычна заўтра.
Таму над энергетычнымі пытаннямі трэба працаваць ужо зараз, і як мага хутчэй даць прынцыповыя адказы на іх для будучай дэмакратычнай Беларусі. Каб не высветлілася, што мы прайграем нават тады, калі дасягнем галоўных мэтаў, якія стаяць сёння перад дэмакратычнымі палітыкамі.
Фотаздымак вокладкі: onliner.by