article-img

Беларускі сацыяльны кантракт як акт палітычнага самагубства. Разважае Антон Гурыновіч

Author: Антон Гурыновіч | September 25, 2022

Неяк даўней у Беларусі быў сацыяльны кантракт паміж уладай і грамадствам. Але ў 2020 годзе бакі яго разарвалі і з таго часу новы кантракт ніяк не з’явіцца. Што ня так і чым гэта пагражае?

Нагадаем, што сацыяльны кантракт выбудоўваецца вакол лаяльнасці грамадства да ўлады. Улада прапануе лаяльным нейкія даброты (не абавязкова грошы), а нелаяльных або карае (калі яны пратэстуюць (уздымаюць голас), або дазваляе ім заставацца нелаяльнымі, але ў пэўных межах (выйсце).

Такім чынам, сацыяльны кантракт падзяляе грамадства на тры ня роўныя паміж сабою групы:

  1. лаяльныя,

  2. нязгодныя,

  3. пратэстоўцы.

Колькасна гэтыя групы адрозніваюцца на розных этапах станаўлення палітычнага ладу, у нашым выпадку — аўтарытарнага.

Група лаяльных можа быць вялікай (умоўна — большасцю) або праз «народную любоў», або таму, што яе задавальняе ўзровень жыцця. Народная любоў рэдка доўжыцца шмат часу і, што самае галоўнае, вярнуць страчаную любоў наўрацці магчыма. Калі кантракт разарваны, значыць, «любові капец». Застаюцца грошы ці іншыя даброты, якія грамадская думка звязвае выключна з пануючай уладай.

У Беларусі група лаяльных зараз адносна малая, і ва ўладаў няма сродкаў, каб «купляць» падтрымку.

Вельмі істотна тое, што сродкаў не хапіла б, нават калі эканоміка не была ў такім крызісе. Беларусь — краіна Еўропы. Яна вельмі моцна інтэграваная ў Еўропу прынамсі на ўзроўні сувязяў паміж людзьмі. Таму ўзровень жыцця беларусы будуць параўноўваць з іншымі еўрапейскімі краінамі, у першую чаргу суседнімі, і параўнанне гэта будзе звычайна не на нашу карысць. Больш за тое, улада працягвае згортваць сацыяльныя праграмы — пакуль у дробязях, але даволі крыўдных для мэтавых груп (напрыклад, нядаўні выпадак з бясплатным харчаваннем дзяцей са шматдзетных сем’яў). Выглядае, што наратывы «сацыяльная дзяржава» і «дзяржава для чалавека» спрабуюць замяніць на наратыў «адзіная бяспечная дзяржава ў рэгіёне».

Але гэты наратыў пакуль не вытрымлівае праверкі рэчаіснасцю. Па-першае, асноўная крыніца небяспекі ў рэгіёне — гэта галоўны хаўруснік Беларусі, які да таго ж выявіўся не такім усемагутным, якім выглядаў да пачатку развязанай ім вайны. Па-другое, дзяржава сама спараджае небяспеку ўнутры краіны праз наймацнейшыя ў сваёй гісторыі санкцыі за голас. Падсумуем:

каб забяспечыць лаяльнасць умоўнай большасці, у беларускай ўлады няма ні сродкаў, ні дзейных наратываў.

Група пратэсту ў цяперашняй Беларусі ў параўнанні з 2020 годам вельмі моцна зменшылася, таму што цяпер амаль пэўныя «асабістыя выдаткі» ад пратэсту шматкроць перавышаюць магчымыя «агульныя выгады». Калі казаць прасцей, пазбавіцца волі на працяглы тэрмін дзеля сваіх ідэалаў гатова не крытычная па маштабах маса людзей. Такім чынам,

наібольшая частка беларускага грамадства знаходзіцца паміж адносна невялікімі крайнімі групамі «лаяльных» і «пратэстоўцаў».

Гэта неаднародная група, для якой павінна існаваць прастора выйсця. Чым бліжэй людзі з гэтай групы па сваіх поглядах да групы пратэсту, тым часцей яны будуць абіраць эміграцыю як выйсце. Астатнія будуць шукаць магчымасці ўнутранай эміграцыі. Чым менш такіх магчымасцяў, тым больш людзей будзе абіраць сапраўдную эміграцыю. Пераход невялікай часткі гэтых людзей у групу лаяльных магчымы, але не ў такіх маштабах, каб лаяльныя сталіся большасцю.

Больш таго, санкцыі за «голас» ня могуць прымусіць да лаяльнасці, бо лаяльнасць набываецца выключна праз пазітыўныя стымулы.

Асноўныя намаганні па стварэнні новага сацыяльнага кантракту ўлады прыкладаюць у двух накірунках:

  1. падтрыманне санкцый за пратэст на ўзроўні рэпрэсій (фактычная забарона на «голас»)

  2. і спроба знайсці наратыў, які дазволіць павялічыць групу лаяльных да ўмоўнай большасці.

Чым шырэй санкцыі (шматлікія варыянты пакарання за «мінулыя грахі», за іншадумства, за каментарыі і дызлайкі ў сацсетках і да т.п.), тым больш яны ўлазяць у прастору «выйсця» і тым больш выціскаюць з краіны людзей, якія былі асноўным рухавіком эканамічнага і культурнага развіцця краіны да 2020 году. Але чым меншая доля такіх людзей у краіне, тым менш трываламі будуць яе незалежнасць і суверэнітэт, бо менавіта яны ствараюць штосці адметнае, праз што краіна робіцца вядомай у свеце з пазітыўнага боку. І менавіта яны з’яўляюцца станоўчымі прыкладамі для іншых, бо паказваюць, што асабістыя намаганні маюць плён ня толькі недзе ў багатых краінах, але і ў Беларусі.

Такім чынам, рэпрэсіўны характар пакарання за пратэст разбурае суверэнітэт нават без уліку вонкавай рэакцыі на рэпрэсіі, якая моцна абмяжоўвае кантакты краіны з навакольным светам і звужае магчымасці суверэннага прыняцця рашэнняў.

У пошуках новага наратыва ўлады звяртаюцца да практык, якія дадаткова абмяжоўваюць магчымасці ўнутранай эміграцыі. Параўнайма: «дзяржава забяспечвае высокі ўзровень адукацыі» і «толькі дзяржава дае вам адукацыю»; «дзяржава забяспечвае якасную медыцыну» і «толькі дзяржава вас лечыць». Поўная манапалізацыя адукацыі і аховы здароўя дзяржавай выштурхне з краіны ня толькі выдатных адмыслоўцаў з абедзьвюх галінаў, але і немалую колькасць сем’яў, якія хочуць даць дзецям добрую адукацыю і мець доступ да якаснай медыцыны. Больш ідэалогіі — менш адукацыі, менш адукацыі — больш эміграцыі, больш эміграцыі — слабейшая эканоміка, слабейшая эканоміка — менш незалежнасці, менш незалежнасці — менш суверэнітэту, менш суверэнітэту — слабейшая ўлада.


Фота: Калаж Максіма Осіпава

Чаму так атрымліваецца, што ў пошуках новага наратыва («ідэалогіі») улада аслабляе сябе? Бо праз рэпрэсіі 2021 году яна знішчыла інфармацыйны суверэнітэт і ўжо ня мае дзейных каналаў камунікацыі з грамадствам (прасоўвання ўласнай пазіцыі і атрымання зваротнай сувязі). Цяперашнія «афіцыйныя» каналы камунікацыі — (пра)расійскія — выдатна пасуюць да прасоўвання таталітарных наратываў «вялікай дзяржавы». «Маленькая» Беларусь больш ня можа дасягаць поспеху сама — толькі «з братняю Руссю». Бізнес, войска, адукацыя, культура — усё гэта спакваля робіцца агульным, і ў паветры павісае пытанне: калі ўсё такое агульнае, то навошта патрэбная асобная дзяржава? Улада ж існуе, пакуль існуе дзяржава.

Цяперашні шлях беларускай улады — гэта шлях самагубства.

Чаму гэта павінна турбаваць тых, хто нелаяльны да гэтай улады? Бо краіна можа спыніць існаванне раней.

Фота вокладкі: «ЖЭСтачайшая цензура» Андрэй Ціцяк і @johnny_cosmic, Instagram


Антон Гурыновіч

Author

Антон Гурыновіч


(Эксперт)