article-img

Рэалізацыя патэнцыялу беларускай моладзі: як пашырыць яе ўдзел у грамадскай дзейнасці? 

Author: Цэнтр новых ідэй | May 1, 2024

Вераніка Ерш, Максім Зафранскі, Ліка Юр’ева, Алана Гебрэмарыям у межах Кейс-клуба 2024 ад ЦНІ.

Нават у часы рэпрэсій у беларускай моладзі ёсць патэнцыял, імпэт і сілы прыўносіць змены ў грамадства. Гэтую энергію варта заўважыць і накіраваць у тыя сферы, дзе яна запатрабаваная. Цяпер патэнцыял моладзі рэалізуецца не напоўніцу. 

Гэтым дакументам мы закладаем пачатак працы па ўключэнні моладзі ў грамадскія працэсы, а не даем гатовыя рашэнні праблем, якія неабходна дэталёва распрацоўваць ва ўмовах небяспекі і зменлівасці ў краіне.

кантэкст

На 1-га студзеня 2023-га года ў Беларусі пражывала больш за 1,5 млн маладых людзей — 17,8% ад агульнай колькасці насельніцтва. Пры гэтым партрэт беларускай моладзі дастаткова неаднародны. Згодна з даследаваннем «Моладзевага блока», ёй характэрныя розныя каштоўнасныя тэндэнцыі: прага задаволення сваіх патрэбаў, самастойнасці, асабістай свабоды і дасягнення поспеху.

Такую вялікую і дынамічную групу немагчыма ігнараваць пры стратэгічным планаванні дэмакратычных рэформ і павышэнні дабрабыту ў Беларусі. Важна пазначыць, што ў маштабах агульнанацыянальных выклікаў праблемы моладзі ўспрымаюцца грамадствам без значнай увагі. У Беларусі не створаны спрыяльны асяродак для матывацыі моладзі ў грамадскім удзеле. Праблемы моладзі не заўважаюцца грамадствам праз адсутнасць пляцоўкі для іх фармулявання, абмеркавання і вырашэння. Моладзь сутыкаецца з бар’ерамі праз прадузятасць часткі грамадства, якая звязаная са стэрэатыпамі наконт узросту, малога досведу і недастатковых ведаў. Амаль цалкам знішчаныя мажлівасці для нефармальнай адукацыі і адсутнічае адукацыя, звязаная з грамадскай актыўнасцю.

Таму адна прыярытэтныя задачы — прааналізаваць стан беларускай моладзі, прапанаваць варыянты для бяспечнага ўдзелу моладзі ў грамадска-палітычных працэсах і выпрацаваць шляхі павышэння зацікаўленасці моладзі ўнутры Беларусі ў такім удзеле. 

З улікам сітуацыі ў Беларусі мы не можам гаварыць пра ўдзел моладзі ў належным кіраванні ў класічным разуменні і разглядаем яго ў больш шырокім сэнсе праз бяспечную альтэрнатыву — грамадскі ўдзел. У гэтым аналітычным дакуменце пад грамадскім удзелам мы разумеем сукупнасць дзеянняў, накіраваных на тое, каб змяніць жыццё супольнасцяў і развіваць веды, навыкі, а таксама узмацняць каштоўнасці і матывацыю для дасягнення гэтых змен. Трэба таксама адзначыць, што мы факусуемся на беларускай моладзі ад 18 да 35 гадоў, якая жыве ў самой Беларусі. 

бар’еры

Павысіць удзел моладзі ў вырашэнні праблем грамадства можна праз адукацыю, лакальныя супольнасці, блогерства, медыі і бізнес. 

  • Бяспечная адукацыя

У фармальнай адукацыі становяцца ўсё больш відавочнымі праблемы ў галіне акадэмічных свабодаў. Гэта характэрна для беларускай і сусветнай акадэмічнай супольнасці, аднак Academic freedom index паставіў Беларусь на адну з самых нізкіх пазіцый. У беларускай сістэме адукацыі назіраецца цэнзура, пераслед іншадумства, адміністрацыйнае самавольства. У такіх умовах складана фармаваць бяспечную прастору для дыскусій, крытычнага мыслення моладзі. Сярод часткі моладзі гэта прыводзіць да пошукаў нефармальных магчымасцяў адукацыі ці праграм у еўрапейскіх ВНУ.

Аднак у выніку рэпрэсій, згодна з маніторынгам LawTrend, было закрыта больш за 20% НДА, а іншыя знаходзяцца ў працэсе роспуску. Вялікая колькасць з іх займалася нефармальнай адукацыяй. З крыміналізацыяй іх дзейнасці можна звязаць і зніжэнне ў два разы (з 24% у 2020-ым да 12% у 2022-ім годзе) папулярнасці нефармальнай адукацыі як спосабу ўдзелу ў вырашэнні праблем, што зафіксавана ў аналізе Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА». Унутры Беларусі амаль не застаецца даступных і бяспечных варыянтаў нефармальнай адукацыі. У такой сітуацыі павялічваецца запыт на анлайн-курсы.

  • Удзел у мясцовых ініцыятывах

На лакальным грамадскім узроўні ў 2020-ым годзе ў грамадстве, у тым ліку сярод моладзі, быў папулярны ўдзел у лакальных суполках: раённых актыўнасцях і чатах (канцэртах, лекцыях, прыбіранні тэрыторыі, чаяваннях). Але цяпер мы назіраем адваротную тэндэнцыю: звужэнне паняцця «грамадская актыўнасць». Яно ўсё больш разумеецца толькі як грамадска-палітычная дзейнасць: напісанне петыцыяў і зваротаў, галасаванне на выбарах, удзел у грамадска-палітычных аб’яднаннях. Падчас палітычнага крызісу дзейнасць лакальных суполак і ініцыятыў не ўспрымаецца сацыяльна важнай, але ж менавіта яна закладае падмурак для фармавання самасвядомасці, назапашвання новых ведаў і навыкаў, падтрымлівае сувязі паміж людзьмі і стварае прастору для праявы салідарнасці. У апісаных палітычных умовах для моладзі больш бяспечным ёсць удзел у лакальных аб’яднаннях грамадзян па інтарэсах. Такія актыўнасці не павінны быць інстытуцыяналізаванымі, да таго ж парог уваходу ў гэтыя працэсы ніжэйшы, яны не патрабуюць прафесійных кампетэнцыяў і выдаткаў вялікай колькасці часу. У межах універсітэтаў такая актыўнасць з’яўляецца добрай заменай праўладных студсаюзаў, прафсаюзаў і БРСМ. 

Таксама на гэтым узроўні з'яўляюцца актуальнымі валанцёрства і ўдзел у лакальных ініцыятывах: дапамога дзіцячым прытулкам, дамам састарэлых, людзям з інваліднасцю, добраўпарадкаванне тэрыторыі, дабрачынныя зборы сродкаў, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Патэнцыял гэтага паказвае нядаўняе апытанне. На пытанне «Ці бралі вы ўдзел у аб'яднаннях […] у якасці валанцёра хаця б раз за апошні год?» 24% адказалі станоўча.

  • Грамадска-палітычны ўдзел

Што тычыцца грамадска-палітычнага ўдзелу, то паводле звестак вышэй згаданага аналізу ад «РАДА», больш чым удвая скарацілася колькасць тых, хто ведае, што такое арганізацыі грамадзянскай супольнасці (у 2020-ым — 16%, у 2022-ім — 7%). Матывацыя моладзі для фармальнага ўключэння ў грамадскія арганізацыі падае, а кола магчымасцяў для актыўнай дзейнасці звужаецца. У такіх умовах бачыцца магчымым удзел моладзі ў падрыхтоўцы петыцыяў, зваротаў, непалітызаваных адвакацыйных кампаніях, арганізацыях дабрачынных акцый. Таксама варыянтам з’яўляецца далучэнне да старых і новых некамерцыйных арганізацый без афіляцыі з «экстрэмізмам». 

Існуюць і пэўныя складанасці спажывання інфармацыі. Шматлікія незалежныя СМІ прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі», таму праз іх складана дагрукацца да моладзі ўнутры краіны. Згодна з апытаннем Chatham House, траціна беларускай моладзі рэдка карыстаецца навінавымі СМІ, каля паловы не можа назваць блогераў і журналістаў, якія асвятляюць грамадска-палітычныя тэмы. У той жа час паводле вынікаў даследавання «Моладзевага блока»,  больш універсальнымі пляцоўкамі з’яўляюцца Instagram і YouTube. TikTok таксама папулярны сярод маладзейшай аўдыторыі (18-23 гады), якая прагне самаразвіцця і забаўляльнага кантэнту. 

У апісаным кантэксце моладзь, згодна з даследаваннем Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, бачыць бар’еры і драйверы для свайго ўдзелу ў грамадскіх ініцыятывах. Стымуламі адзначаюцца цікавыя праекты, супадзенне каштоўнасцяў, імкненне дапамагчы іншым і ясныя мэты арганізацый і ініцыятыў. Сярод бар’ераў — адсутнасць інфармацыі, як можна ўдзельнічаць, недастатковая актыўнасць арганізацый па пашырэнні кола ўдзельнікаў і недахоп часу. 

прапановы

Апісаная праблематыка, стан беларускай моладзі, магчымыя ўзроўні яе ўдзелу ў грамадска-палітычных працэсах даюць падставы выпрацаваць шэраг рэкамендацый, як павялічыць грамадскі ўдзел моладзі. Стэйкхолдарамі, да якіх скіраваныя варыянты вырашэння апісаных праблем, з’яўляюцца палітычныя актары, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, прыватны сектар, медыі, блогеры.

  1. Арганізацыям грамадзянскай супольнасці і палітычным актарам варта ствараць даступныя і інклюзіўныя платформы для ўдзелу і выказвання моладзі. Тых, якія існуюць цяпер у Беларусі, недастаткова, часта — праз іх сімвалізм, а не рэальную спробу далучыць моладзь у працэсы. Таму мы прапаноўваем праводзіць у Беларусі разнастайныя фестывалі, летнікі і хакатоны па тэмах бізнесу і сацпрадпрымальніцтва (па прыкладу Social Weekend), культуры, адукацыі, экалогіі з удзелам прадстаўнікоў гэтых сфер, моладзі, ВНУ, дзейных НДА. Гэта магло б спрыяць дыялогу, аб’яднанню ў вырашэнні праблем. 

  2. Палітычным інстытутам і некамерцыйным арганізацыям мы раім шукаць новыя крыніцы і пашыраць рэсурсную дапамогу моладзі (праграмы фінансавай, псіхалагічнай і інфармацыйнай падтрымкі). Іншай крыніцай сродкаў мы бачым супрацоўніцтва з прыватным сектарам: з’яўленне стыпендыі для падтрымкі моладзі ўнутры Беларусі ад бізнесменаў, мецэнатаў, IT-кампаній (па прыкладзе стыпендыі імя Аркадзя Смоліча) для фінансавай падтрымкі моладзевых сацыяльных праектаў. Яшчэ адным прыкладам рэсурснай дапамогі могуць быць конкурсы эсэ, праектаў з фінансавай падтрымкай для альтэрнатыўнай адукацыі моладзі. 

  3. Медыям варта спрыяць павелічэнню прысутнасці моладзі ў публічнай прасторы. Гэта дапамагае дэманстрацыі добрых ролевых мадэляў, асвятленню актыўнасці моладзі і яе экспертнасці, а таксама дазваляе моладзі бачыць вынікі сваёй дзейнасці. Гэта могуць быць стажыроўкі ў рэгіянальных газетах; стварэнне тэматычных відэаэфіраў у TikTok, YouTube, рубрык з моладдзю на сайтах СМІ; дапамога моладзі ад СМІ ў рэкламе моладзевых блогаў на розных інтэрнэт-пляцоўках. Таксама ўключэнне моладзі магчыма і праз спецыялізаваны рэсурс Adu.place, дзе прадстаўленыя магчымасці ўдзелу моладзі праз фармальную і нефармальную адукацыю. 

  4. НКА ўнутры Беларусі маюць распрацоўваць і праводзіць адукацыйныя анлайн-курсы для маладых людзей па журналістыцы, сторытэйлінгу і вядзенні моладзевых пляцовак-аналагаў СМІ: «Тэлеграм»-каналы, самвыдатныя СМІ, блогі — з прыцягненнем топавых блогераў унутры краіны. 

  5. Моладзевыя лідары і лідаркі меркаванняў унутры Беларусі (блогеры ў YouTube, Instagram і TikTok) маглі б стаць мостам для камунікацыі і асветы для моладзі ўнутры і па-за краінай. Мы рэкамендуем блогерам заахвочваць моладзь праз рэалізацыю бяспечнай актыўнасці: сумесных пастоў, выпускаў шоу, эфіраў, відэа-рылсаў у межах тэматыкі свайго блога. Прыкладам такой дзейнасці можа быць відэа ад беларускіх блогераў пра дэбатныя клубы ва ўніверсітэтах і аповед, чаму ўмець дыскутаваць — гэта стылёва.


Цэнтр новых ідэй

Author

Цэнтр новых ідэй


(Даследчы цэнтр)