article-img

Які ўніверсітэт патрэбны беларусам?

Author: Віктар Шадурскі | August 15, 2023

Большая частка майго жыцця да сакавіка 2021 года была звязана з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, куды я паступіў адразу пасля заканчэння школы. Разнастайная акадэмічная дзейнасць дазволіла пазнаёміцца з дзясяткамі замежных універсітэтаў, супрацоўнічаць з калегамі і сустракацца са студэнтамі з розных краін. На падставе атрыманага досведу магу зрабіць некаторыя параўнанні і абагульненні.

ЯКАСЦІ СТУДЭНТАЎ І ВЫКЛАДЧЫКАЎ

Па-першае, беларускія студэнты такія ж таленавітыя і мэтанакіраваныя асобы, як і іх замежныя аднагодкі, незалежна ад краіны паходжання.

Я назіраю высокую канкурэнтаздольнасць за мяжой выпускнікоў беларускіх універсітэтаў, у тым ліку з нашага факультэта міжнародных адносін

Прывяду толькі некалькі прыкладаў з сотняў магчымых. Так, высокі ўзровень сваіх даследчых ведаў і навыкаў дэманструюць аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах (ECFR), былы супрацоўнік МЗС Беларусі Павел Слюнькін, старэйшы навуковы супрацоўнік Фінскага інстытута міжнародных адносін Рыгор Ніжнікаў, постдактарант і навуковы супрацоўнік Цэнтра сучасных усходнеазіяцкіх даследаванняў Гётынгенскага ўніверсітэта. Вядомасць у экспертных колах атрымалі Арцём Шрайбман, Кацярына Дзейкала, Павел Мацукевіч і шматлікія іншыя.

Паспяхова развіваецца кар'ера доктара права Максіма Карлюка. Цяпер ён з'яўляецца навуковым спецыялістам у Міжнароднай арганізацыі па развіццю права (Рым, Італія), дзе працуе над прасоўваннем міру і ўстойлівага развіцця праз вяршэнства права. Раней ён працаваў галоўным кансультантам і спецыялістам па праграмах у ЮНЕСКА, выкладаў у Парыжскім інстытуце палітычных даследаванняў (Science Po). У 2021 г. быў уключаны ў спіс найбольш перспектыўных інтэлектуалаў па версіі Santander-CIDOB «35 да 35 гадоў».

Выпускнік спецыяльнасці «Міжнароднае права» Андрэй Солін з'яўляецца старэйшым юрыстам сусветна вядомай юрыдычнай фірмы “Gaillard Banifatemi Shelbaya Disputes” (Парыж). У гэтай якасці Андрэй займаецца міжнароднымі арбітражнымі спрэчкамі, якія распачынаюцца дзяржавамі або супраць іх і закранаюць складаныя пытанні міжнароднага публічнага і ўнутранага права.

Многія выпускнікі ФМА, напрыклад Лізавета Жук і Лізавета Тарасевіч, працуюць на адказных пасадах у міжнародных арганізацыях.

Беларускія СМІ шмат пісалі аб тым, што выпускнік ФМА БДУ Цімафей Ерамееў у 2014 г. атрымаў прэстыжную прэмію каралевы Вялікабрытаніі (Queen's Award for Enterprise). Прэмія з'яўляецца найбольш ганаровай узнагародай у каралеўстве і ўручаецца кампаніям за выдатныя дасягненні ў галіне інавацый, міжнароднага гандлю і ўстойлівага развіцця.

У мяне часам запытваюцца, якую спецыяльнасць атрымаў на ФМА БДУ спявак Макс Корж. Справа ў тым, што Макс не скончыў сваю вучобу ва ўніверсітэце. Калі б ён атрымаў дыплом, то хутчэй за ўсё дабіўся б большай вядомасці і поспехаў

Магу таксама прыгадаць, што факультэт даў пуцёўку ў жыццё двум выпускнікам, якія сталі пераможцамі еўрапейскіх турніраў па спартыўным брыджы з мільённымі прызавымі.

Добра памятаю сваё пытанне прадстаўнікам кадравай службы аўдытарскай і кансалтынгавай кампаніі “Ernst & Young” аб тым, якой кваліфікацыяй павінны валодаць выпускнікі факультэта, каб атрымаць працу. Адказ быў канкрэтным, але дастаткова нечаканым. Каб быць прынятымі ў кампанію, прэтэндэнты павінны валодаць наступнымі якасцямі:

  • мець добрае лагічнае мысленне і быць «адэкватнай» асобай

  • на высокім узроўні валодаць англійскай мовай

  • разбірацца ў сучасных інфармацыйных тэхналогіях

Патрабавалася яшчэ веданне бухгалтарскага ўліку, але, як адзначылі супрацоўнікі “Ernst & Young”, гэтую кваліфікацыю пры наяўнасці першых трох якасцяў можна будзе палепшыць або атрымаць з нуля на спецыяльных курсах у Лондане. Дарэчы, я ведаю дзясяткі факультэцкіх выпускнікоў, якія працуюць у згаданай і ў іншых кампаніях «Вялікай чацвёркі» (Deloitte, PricewaterhouseCoopers, Ernst & Young і KPMG).

З лагічным мысленнем і адэкватнасцю ў іх было ўсё ў парадку. Таму мы за лагічнае мысленне і адэкватнасць! На жаль, калі гэтага няма, то змяніць сітуацыю вельмі цяжка

Разам з тым хачу падкрэсліць і значныя прабелы ў падрыхтоўцы беларускіх спецыялістаў: вывучаная празмерная залежнасць ад іншага меркавання, няўпэўненасць і пасіўнасць у дыскусіі, недахоп навыкаў дзелавой камунікацыі і г.д. Шмат у чым карані пералічаных прабелаў ляжаць у сістэмных недахопах беларускай адукацыі. Зразумела, што пералічаныя праблемы маюць агульны характар і неабавязкова ўласцівыя ўсім нашым выпускнікам.

Назаву яшчэ адну сур'ёзную праблему, якая цягне ўніз беларускую сістэму адукацыі. Гэта спісванне на кантрольных, плагіят пры падрыхтоўцы навучальных прац і г.д. На гэтую тэму шмат жартуюць, маўляў нашыя студэнты, дапамагаючы адзін аднаму спісваць, праяўляюць тым самым салідарнасць і падтрымку ў адрозненне ад сваіх «эгаістычных» замежных аднагодкаў. Не буду паглыбляцца ў дадзеную тэму, але такі «эгаізм-індывідуалізм» нам патрэбны.

Па-другое, у Беларусі ёсць дастаткова годных выкладчыкаў, якія любяць сваю працу, пастаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень, умеюць наладзіць кантакт са студэнтамі. Многія выкладчыкі валодаюць разнастайным вопытам міжнароднага супрацоўніцтва, удзельнічалі ў выкананні сумесных праектаў, мелі магчымасць выкладаць за мяжой. Такія спецыялісты не заўсёды добра ўпісваюцца ў сённяшні ўніверсітэт. І толькі высокая ацэнка з боку студэнтаў змушае адміністрацыйна-камандную сістэму да пэўнага часу іх не чапаць і не звальняць з працы.

Зараз сотні ўніверсітэцкіх выкладчыкаў вымушаны пакінуць Беларусь, але яны вернуцца на Радзіму з новым досведам, з новымі ведамі, больш упэўненымі абаронцамі акадэмічных свабод

Па-трэцяе, у Беларусі існуе архаічная сістэма кіравання — жорстка цэнтралізаваная, дарагая, непаваротлівая і вельмі ідэалагізаваная. Не буду ўдавацца ў дэталі, але можна сказаць, што гэтая сістэма ўяўляе сабой сумнавядомаю вертыкаль, галоўная функцыя якой складаецца ў перадачы зверху ўніз указаў, загадаў, распараджэнняў і тэлефонных званкоў. Гэтая вертыкаль амаль цалкам страціла адчувальнасць да сігналаў знізу, у тым ліку да прафесійных ацэнак якасці адукацыі.

ЯК СПЫНІЦЬ ДЭГРАДАЦЫЮ?

Як спыніць дэградацыю беларускай вышэйшай адукацыі? На жаль, тут няма простых і хуткіх рашэнняў. У нас ёсць шырокі нацыянальны і міжнародны вопыт. Адным з першых крокаў у дэмакратычнай Беларусі павінна стаць прызнанне аўтаноміі ўніверсітэтаў, выбарнасць рэктараў і дэканаў, забеспячэнне ўдзелу выкладчыкаў і навучэнцаў у кіраванні вучэбна-навуковым працэсам. Дакладна вырашаць, каго, чаму і як вучыць павінны прафесіяналы, а не чыноўнікі з розных міністэрстваў і ведамстваў.

Дзяржава ў асобе Міністэрства адукацыі, з аднаго боку, і ўніверсітэты з іншага павінны стаць адказнымі партнёрамі, якія супрацоўнічаюць на падставе кантракта

Такія кантракты ўжо даўно паспяхова працуюць у дэмакратычных краінах. Дзяржава бярэ на сябе абавязкі фінансаваць падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, стварэння канкрэтных і зразумелых крытэрыяў якасці адукацыі, а ўніверсітэты адпаведна бяруць функцыю арганізацыі эфектыўнага навучальнага і навуковага працэсу. Акрамя таго, універсітэты маюць цесныя кантакты з міжнароднымі арганізацыямі, мясцовымі ўладамі, бізнес-структурамі і г.д. Зараз я актыўна супрацоўнічаю з Універсітэтам імя Юстаса Лібіга (Гісэн, Германія) і Вроцлаўскім універсітэтам (Польшча) і бачу, як лагічна і адэкватна плануецца, фінансуецца, кантралюецца дзейнасць гэтых універсітэтаў. Многія паспяховыя замежныя практыкі лёгка лягуць на беларускую глебу. Тым больш, што ў першай палове 1990-х у Беларусі былі зроблены сур'ёзныя спробы інтэрнацыяналізацыі вышэйшай школы, укаранення лепшага замежнага досведу.

Упэўнены, што беларускія выкладчыкі разам з адноўленымі на працы калегамі, звольненымі з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі, знойдуць эфектыўныя рашэнні, як павысіць якасць адукацыі і навуковых даследаванняў, паскорыць інтэграцыю ў сусветную адукацыйную прастору. Трэба вярнуць універсітэты выкладчыкам і студэнтам

Ужо цяпер чальцы ўніверсітэцкіх супольнасцяў у Беларусі і за яе межамі павінны разважаць, у якім універсітэце яны хацелі б працаваць і вучыцца. Што для гэтага трэба зрабіць? Наўрад ці па такіх тэмах у цяперашняй Беларусі можна праводзіць адкрытыя дыскусіі, але думаць пра сваю прафесійную будучыню, размаўляць пра гэта з блізкімі і даверанымі людзьмі ніхто не можа забараніць. Прадстаўнікі акадэмічных колаў, якія апынуліся за мяжой, могуць і павінны ўдзельнічаць у падрыхтоўцы і экспертызе праектаў канцэптуальных дакументаў у сферы адукацыі.

Што можна рабіць зараз? Як дапамагчы беларускай моладзі атрымаць якасную адукацыю ў лепшых замежных універсітэтах? Якім чынам падтрымаць сотні выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў, пазбаўленых у сябе на радзіме любімай працы?

Калі б беларускія дэмакратычныя структуры мелі дастаткова фінансавых сродкаў, то гэтыя пытанні можна было б вырашыць праз стварэнне спецыяльных фондаў, якія на конкурснай аснове фінансавалі б розныя праекты, вылучалі студэнцкія стыпендыі. Аднак, пакуль сродкаў не хапае нават для вырашэння самых «балючых» праблем.

У абмежаваных матэрыяльных умовах галоўныя рэзервы беларусы могуць знайсці ў напрамку арганізацыйных і каардынацыйных рашэнняў. Тым больш, для такіх рашэнняў сёння існуюць цудоўныя магчымасці, якія ствараюць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Адной з рэкамендаваных для абмеркавання ідэй магло б стаць стварэнне за межамі нашай краіны парасонавай платформы, якая б аб'ядноўвала пад сваёй эгідай шматлікія беларускія адукацыйныя ініцыятывы і праекты, папулярныя анлайн і афлайн курсы, у тым ліку і тыя, якія ўжо актыўна рэалізуюцца ў розных фарматах. Над назвай гэтай аб’яднанай пляцоўкі трэба яшчэ падумаць. Ёсць, напрыклад, такія варыянты, як «Беларускі нацыянальны е-ўніверсітэт», «Беларуская міжнародныя акадэмія», «Беларуская адукацыйная і навуковая платформа». Зразумела, што дзейнасць гэтай структуры прадугледжвае ўдзел не толькі нашых суайчыннікаў за мяжой, але і па магчымасці ўсіх беларусаў.

Такім чынам, гаворка не ідзе аб стварэнні ўстановы, якая будзе прапаноўваць бакалаўрскія або магістарскія праграмы. Па-першае, стварэнне такіх курсаў — вельмі дарагі і працяглы працэс. Па-другое, няма сэнсу дубліраваць функцыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня)

Адным з магчымых праектаў е-ўніверсітэта (міжнароднай акадэміі) мог бы стаць запуск выдання электронных навуковых часопісаў (штогоднікаў) па прыродазнаўчых, гуманітарных і грамадскіх навуках на англійскай мове з невялікім ганарарам для аўтараў. Гэта дазволіць замежным даследчыкам пазнаёміцца з навуковымі распрацоўкамі беларускіх калег, паспрабаваць знайсці ідэі для сумесных праектаў.

Для навуковай перыёдыкі неабходна шукаць міжнародных спонсараў. Гэта няпроста, але пры падтрымцы дэмакратычнай Беларусі цалкам магчыма. Тым больш, што тэма стварэння навуковага часопіса для беларускіх даследчыкаў як у краіне, так і ў выгнанні была прадстаўлена ў рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, якая была прынятая 20 чэрвеня 2023 г.

Пад эгідай згаданага парасонавага праекта могуць таксама выдавацца тэматычныя зборнікі па розных навуковых галінах па замове кіруючых структур дэмакратычнай Беларусі і замежных партнёраў.

Магчыма варта падумаць аб стварэнні ў рамках агучанай пляцоўкі Школы прафесійнай адукацыі, якая магла прапанаваць беларусам, якія знаходзяцца ў эміграцыі, вочна-завочныя курсы па найбольш запатрабаваных рабочых спецыяльнасцях. Такое навучанне дапамагала б нашым суайчыннікам набыць веды і навыкі, а таксама аформіць неабходныя дакументы для атрымання больш кваліфікаванай і высокааплатнай працы або адкрыцця ўласнага бізнесу.

Што тычыцца падтрымкі навучання беларускай моладзі ў замежных універсітэтах, то тут падтрымліваю прапанову Цімоха Акудовіча (Банк ідэй, сакавік 2023 г.) аб стварэнні Сусветнай Лігі беларускага студэнцтва (Белліга). У цяперашні час дзясяткі тысяч беларускіх юнакоў і дзяўчат навучаюцца ва ўсіх частках свету. Іх колькасць пастаянна павялічваецца і наўрад ці ёсць магчымасць паскорыць гэты працэс. У замежных універсітэтах навучаюцца людзі з рознымі жыццёвымі планамі і стратэгіямі, у тым ліку ў дачыненні да беларускай справы, розным узроўнем дастатку і інтэлектуальнага развіцця. Яны ўяўляюць сабой велізарны патэнцыял, які па прычыне сваёй разрозненасці пакуль не знайшоў свайго годнага прымянення ў многіх магчымых кірунках: азнаямленне замежнікаў з сітуацыяй у нашай краіне, папулярызацыя беларускай гісторыі і культуры, студэнцкая ўзаемадапамога і салідарнасць.

Стартам дзейнасці Беллігі можа стаць запрашэнне ад імя аргкамітэта ўсім студэнтам-суайчыннікам, распаўсюджанае праз сацыяльныя сеткі, зарэгістравацца на рэсурсе створанай лігі. З улікам неабходнасці захавання прыватнасці можна рэгістравацца ананімна. А далей дзейнасць новай структуры будзе залежыць ад актыўнасці цэнтра, які яе каардынуе, і здольнасці студэнцкай міжнароднай сеткі прапанаваць сваім удзельнікам прывабныя і карысныя ініцыятывы. Дарэчы ліга можа працаваць у цеснай сувязі з парасонавым Беларускім е-ўніверсітэтам.

Праекты парасонавай платформы і Беллігі будзе лёгка інтэграваць у дзейнасць вышэйшай школы ўжо ў новай Беларусі.

Калі дзейнічаць сумесна, усё ў нас атрымаецца!


Віктар Шадурскі

Author

Віктар Шадурскі


(Доктар гістарычных навук)

Віктар Шадурскі — доктар гістарычных навук, прафесар. 13 гадоў быў дэканам факультэта міжнародных адносін БДУ.