article-img

Тры парады-ўзоры для беларускай дыяспары. Піша Юры Дракахруст

Автор: Юры Дракахруст | 8 августа 2023 г.

Ніжэй прадстаўлены тэкст выступу Юрыя Дракахруста на канферэнцыі Reshape-23 ад Цэнтра новых ідэй і Банка ідэй.

Кожнае паўстаньне, часам эканамічныя нягоды выкідалі масу беларусаў за мяжу. Ні разу не атрымалася стварыць другую Беларусь за яе межамі. У наступным паўстаньні рэй вялі людзі ў краіне, а не эмігранты. Хіба не адзінае выключэньне (што паказальна) — 2020-ы год, у якім ТГ-канал NEXTA быў, кажучы словамі Леніна, «ня толькі калектыўным прапагандыстам і агітатарам, але і калектыўным арганізатарам».

Асаблівасьць цяперашняй хвалі эміграцыі — тое, што людзі зьяжджаюць усім колам калегаў, сяброў, знаёмых, зьяжджаюць са ўсёй сваёй сацыяльнай «грыбніцай». Ва многіх адчуваньне, што «ўся Беларусь зьехала». І часткова гэта так, у тым сэнсе, што зьехала сапраўды ўся іх Беларусь. Гэта вельмі ўскладняе камунікацыю паміж дыяспарай і «мэтраполіяй». Няма зь кім камунікаваць.

У 2021 годзе я склаў зборнік «Неверагодны 2020-ы» з тэкстаў 20 беларускіх інтэлектуалаў. За час са складаньня таго зборніку 8 аўтараў эмігравалі, двое — Валерыя Касьцюгова і Уладзімір Мацкевіч — трапілі ў турму.

Тры парады-прапановы наконт таго, што можа зрабіць дыяспара, на якія ўзоры ёй варта арыентавацца.

#1 БУДЗЬЦЕ ЯК «ГОМАН»

Групу «Гоман» утварылі беларускія студэнты ў Санкт-Пецярбургу пасьля паўстаньня 1863 году. Яны не былі эмігрантамі ў дакладным сэнсе: сучасная Беларусь тады была часткай Расейскай імпэрыі. Тым ня менш іх досьвед карысны і павучальны.

Яны не прыдумалі, як зладзіць новае, больш пасьпяховае паўстаньне. Яны зрабілі большае: прыдумалі, назвалі Беларусь, беларусаў як асобную нацыю. Цяперашнія спрэчкі пра Кастуся Каліноўскага тлумачацца, апроч іншага, і тым, што ён меў множную ідэнтычнасьць, ён усьведамляў сябе і беларусам, і палякам, і падданым Рэчы Паспалітай.

Нам зараз такую ідэнтычнасьць складана нават уявіць сабе. Як, магчыма, і яму было б цяжка зразумець нашую цяперашнюю монаідэнтычнасьць. Але гэтую нашую ідэнтычнасьць прыдумалі менавіта «гоманаўцы», прынамсі, яны яе запачаткавалі. Зараз у такім сэнсе няма патрэбы прыдумляць Беларусь і беларусаў. Але ў нейкім сэнсе і ёсьць.

#2 БУДЗЬЦЕ ЯК ГЕДРОЙЦ

Формулай кансэнсусу 2020 года было «далоў Луку». Гэты агульны назоўнік быў даволі бедным. Ён таму і аб'ядноўваў. Але мо некага і адштурхоўваў. Вобразу будучыні не было.

Эміграцыя, дыяспара можа паўдзельнічаць у кастынгу праектаў будучыні. У Ежы Гедройца, ураджэнца Менску, рэдактара парыскага часопісу «Культура» быў такі праект для Польшчы. І гэта ня быў чыста палітычны праект, ня быў плян усеагульнага страйку ці прыходу рашучага вайсковага злучэньня.

Цяперашняя сытуацыя ў Беларусі і ў эміграцыі — гэта выклік, пытаньне, чаго ў 2020 годзе не хапіла ідэйна, ідэалягічна.

Кепскі прагноз, прагноз паводле досьведу — што эмігранцкія праекты будучыні прайграюць народжаным у «мэтраполіі».

Але досьвед Гедройца і яго «Культуры» — выключэньне. На думку некаторых польскіх назіральнікаў, можа і гіпэрбалізаваную, яго ўнёсак у перамогу польскай рэвалюцыі 1989 году быў параўнальным з унёскам «Салідарнасьці».

#3 БУДЗЬЦЕ ЯК ГЕРЦЭН

Беларускія СМІ, якія фармулююць грамадзкі парадак дня, — праўладныя ў Беларусі і эмігранцкія. Так склалася, што мы — голас Беларусі, прынамсі, іншай Беларусі. Але павінны гучаць голас Беларусі зь Беларусі.

Так, мы жывем у час цуду сацсетак, інтэрнэту — адзінай інфармацыйнай прасторы. Напэўна, бяз гэтага фэномэн NEXTA у 2020 годзе быў бы проста немагчымым.

Але экзістэнцыяльныя прасторы ў нас, эмігрантаў, і ў тых, хто жыве ў Беларусі розныя. Мы ня ходзім па беларускіх вуліцах, ня ходзім у беларускія крамы, на нас не адбіваецца падвышэньне цэнаў у Беларусі, мы ня ходзім на працу ў беларускія ўстановы, ня езьдзім на лецішча, не размаўляем з суседам-беларусам. Не чакаем візыту ГУБАЗіКа, нас не прызавуць у войска.

У свой час шалёная папулярнасьць эмігранцкага «Звона» («Колокола») Аляксандра Герцэна тлумачылася, апроч іншага, лістамі з Расеі, як правіла, ананімнымі, зь якіх чытач чуў аўтэнтычныя галасы краіны.

Гэтак і зараз гаварыць павінна Беларусь зь Беларусі (і размова не адно пра лісты з-за кратаў).


Юры Дракахруст

Автор

Юры Дракахруст


Аглядальнік (Радыё Свабода)

Аглядальнік беларускай службы «Радыё Свабода». Кандыдат фізіка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты свабоды» (2009) і «Сем худых гадоў» (2014). Лаўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў за 1996 год.