article-img

Рэпатрыяцыя чалавечага капіталу, бізнесу і актываў у Беларусь. Меркаванне пераможцы Школы маладых рэфарматараў

Author: Пераможца ШМР | December 28, 2023

Артыкул напісаны пераможцам Школы маладых рэфарматараў 2023 ад Цэнтра новых ідэй.

У кастрычніку 2023 года BEROC правёў апытанне, згодна якому 43% беларусаў адзначылі, што ў іх сферах працы назіраецца недахоп кадраў. І хаця эміграцыя не асноўная прычына такога выніку, яна таксама з’яўляецца істотным фактарам змяншэння колькасці людзей, якія занятыя ў эканоміцы. Мінус 76100 чалавек у ІІІ квартале 2023 году ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 году па даных Белстату. Прычым з’язджаюць з Беларусі звычайна людзі з вышэйшай ці якаснай прафесійнай адукацыяй альбо моладзь, якая збіраецца яе атрымоўваць. Таму ўжо цяпер назіраецца моцны недахоп высокакваліфікаваных кадраў у некаторых сферах: напрыклад, у медыцыне. А ў будучыні гэта праблема можа яшчэ больш узмацніцца.


На здымку вядомая берлінская клініка Charité // Wiebke Peitz

Усяго ж з 2020 года па розных падліках з’ехалі ад 150 да 350 тысяч беларусаў, то бок ад 1,5% да 4% усяго насельніцтва. А праз тое, што з’язджае ў асноўным моладзь і людзі сярэдняга ўзросту, іх эміграцыя пагаршае і так ненайлепшы стан пенсійнай сістэмы. Асобная праблема — масавая эміграцыя беларускага бізнесу, апісанне і магчымыя шляхі вырашэння якой ужо прадстаўлены на Банку ідэй у артыкуле Сержа Наўродскага.

Улічваючы апісаныя фактары, я лічу, што пасля нармалізацыі сітуацыі ў Беларусі вяртанне нават часткі людзей, бізнесаў і капіталу надасць дадатковы імпульс развіццю эканомікі і дапаможа згладзіць частку праблем.

Умовы

Безумоўна, базавай перадумовай для вяртання з’ехаўшых беларусаў і бізнесаў з’яўляецца нармалізацыя палітычнай сітуацыі і наяўнасць сумленных судоў. Таму першапачатковыя меры будуць знаходзіцца ў сферы права і мусяць быць накіраванымі на ўсталяванне вяршэнства права і зацверджанне гарантый прыватнай уласнасці для грамадзян і бізнесу.


На здымку гоначны балід McLaren з лагатыпам беларускага завода Miory Steel // Twitter, McLaren

Для бізнесу, які ўцякаў з краіны праз рэпрэсіі, магчыма запусціць праграму кампенсацыі матэрыяльных страт праз пераслед, а таксама вярнуць нерухомасць, якой яны валодалі, альбо даваць аналагічную. Дапамагаць з набыццём і арэндай памяшканняў можна і ўсім бізнесам-рэпатрыянтам. Даваць пэўныя субсідыі і льготы асабліва з улікам таго, што ў Мінску незанятых офісных плошчаў становіцца толькі больш.  

Згодна рэйтынгу Doing Business, які ацэньвае краіны па прастаце вядзення бізнесу ў дзесяці розных катэгорыях, найгоршую пазіцыю ў 2020-м годзе Беларусь займала ў катэгорыі атрымання крэдытаў: 104 месца (сярод 190 краін) і 50 балаў (з 100). Таму для паляпшэння бізнес-клімату істотным з‘яўляецца спрашчэнне магчымых умоў крэдытавання. Тым больш, што ў Беларусі ўжо маецца нядрэнная база атрымальнікаў крэдытаў (якая дае палову балаў у гэтай катэгорыі), а неабходна застаецца заканадаўча спрасціць некаторыя дэталі рэгулявання. Напрыклад, дазволіць бізнесу мець забеспячальныя абавязкі ў адной з катэгорый рухомай маёмасці ці нават усе свае актывы, не патрабуючы канкрэтнага апісання залогу. Таксама палегчыць атрыманне крэдытаў дапаможа магчымасць выкарыстоўваць крэдытную гісторыю замежных банкаў, што будзе асабліва актуальна для рэпатрыянтаў.


На здымку офіс банку PKO у цэнтры Варшавы // Bloomberg Finance LP

Адначасова для бізнесу, які вяртаецца з-за мяжы, карысным будзе аказваць падтрымку ў перавозе і легалізацыі замежным працаўнікоў, а таксама даваць ім пэўныя льготы на першы час і праводзіць праграмы інтэграцыі (напрыклад, моўная падтрымка ў камунікацыі з дзяржаўнымі органамі, магчымасць весці справы на мове паходжання ў першыя гады і моўныя курсы). Таксама можна зрабіць магчымым для рэпатрыянтаў і мігрантаў весці справы ў замежных судах.

Істотнымі для аднаўлення і развіцця гаспадаркі Беларусі пасля яе дэмакратызацыі стануць таксама новыя інвестыцыі, у тым ліку ад беларусаў, якія з'ехалі раней. Дадатковым імпульсам жадання інвеставаць у беларускую эканоміку можа стаць абмежаванне падаткаў ад усіх замежных інвестыцый, як зроблена ў Польшчы, ці падаткавыя ільготы пры інвеставанні ў сферы т. зв. карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці (CSR — Corporate Social Responsibility). Напрыклад, пры інвеставанні ў адукацыю, культуру ці спорт у Беларусі цягам мінімум чатырох гадоў, падатак на прыбытак ад усіх сваіх інвестыцый будзе складаць 50% ад звычайнага памеру. Да сфер CSR можна таксама дадаць вызначаныя галіны прамысловасці, сельскай гаспадаркі і пэўныя рэгіёны. Падобныя праграмы рэалізуюцца, напрыклад, у Італіі.

Адной з мер для вяртання звезенага капіталу і яго ўладальнікаў можа стаць праграма бяспечнага вяртання капіталу, калі ўсе нелегальна вывезеныя і не ападаткаваныя актывы можна задэклараваць і вярнуць у краіну без крымінальнай адказнасці і штрафаў. Падобныя праграмы прымяняліся ў вялікай колькасці краін свету з рознымі ўмовамі: дзесьці, як у Аўстрыі і Нідэрландах, незадэклараваны капітал абкладаўся поўным адпаведным падаткам, але часцей да яго ўжываецца спецыяльны падаткавы рэжым. У Іспаніі ў 2012 годзе можна было задэклараваць усе свае незаконна выведзеныя актывы, заплаціўшы адзіны падатак у 10% без абавязку іх вяртання, а ў Польшчы з 2022 году можна вярнуць усе свае незаконна выведзеныя і неападаткаваныя актывы заплаціўшы падатак у 8%. Галоўнымі ўмовамі паспяховасці праграмы з’яўляюцца зразумелыя і простыя стаўкі падатку, умовы ўдзелу і час дзеяння праграмы, якія не будуць дазваляць карыстацца ёй для вываду актываў ужо падчас яе дзеяння і вяртання пазней па ільготных стаўках.

Меры

У мэтах спрашчэння вяртання беларусаў замежжа на радзіму мэтазгодна скасаваць пошліны на маёмасць, якая ўвозіцца ў РБ, пры змене падаткавага рэзідэнцтва на беларускае. Напрыклад, калі чалавек меў беларускае грамадзянства альбо сталы від на жыхарства ад 01.01.2020, то яму прадастаўляецца магчымасць загадзя анлайн зарэгістравацца ў спецыяльнай сістэме для рэпатрыянтаў і адначасова ў ФСАН. Пасля чаго ён будзе мець магчымасць задэклараваць сваю маёмасць за мяжой і ўвезці яе без выплат пошлін.

Рэпатрыянтам могуць быць даны падаткавыя льготы на першыя некалькі гадоў пасля рэпатрыяцыі. Напрыклад, у Польшчы рэпатрыянты, якія дагэтуль 3 гады не былі яе падаткавымі рэзідэнтамі, маюць на першыя 4 гады пасля пераезду вольную ад падатку квоту ў 85528 злотых гадавога прыбытку (прыблізна 21300 долараў), што эквівалентна памеру другога падаткавага парогу.

Аналагічная мера можа быць прынятая і ў Беларусі з увядзеннем для рэпатрыянтаў, якія цягам некалькіх гадоў не былі падаткавымі рэзідэнтамі Беларусі, квоты вольнай ад падатку ў памеры гадавога прыбытку падаткавага парогу, які з 2024 году будзе складаць 200000 BYN (прыкладна 60750 USD). Квота можа быць і меншай, бо на дадзены момант падобная сума амаль трохкратна перавышае польскую пры меншым сярэднім заробку ў Беларусі. Альтэрнатывай можа стаць змяншэнне падаткаў на прыбытак на некалькі гадоў, напрыклад, на 50%. Альбо ўвядзенне зменшанай стаўкі падаходнага падатку ў 6% (пры стандартнай стаўцы ў 13%), што будзе выгадна нават у параўнанні з ранейшымі льготнымі ўмовамі ПВТ (9%), а таксама з краінамі-суседкамі Беларусі. 

Адначасова рэпатрыянтам могуць быць прапанаваныя выплаты па вяртанні, як гэта практыкуюць Ізраіль, Польшча ці Казахстан, а таксама льготы на атрыманне жылля. Гэта могуць быць як ільготныя крэдыты на першую маёмасць для рэпатрыянтаў (як, напрыклад, крэдыты пад 2% для моладзі ў Польшчы), так і даванне бясплатнага жылля на некалькі гадоў у вызначаных рэгіёнах, якія найбольш будуць патрабаваць імігрантаў. 


Пераможца ШМР

Author

Пераможца ШМР


(2023)